Падводзім вынікі

Сельское хозяйство

На пасадзе старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка – з 1 лістапада, але ў курс спраў увайшла хутка. Пасутнасці ёй і рабіць гэтага не патрэбна было, бо ўсё жыццё Валянціны Рыгораўны звязана з АПК: 15 гадоў працавала галоўным эканамістам у калгасе імя Энгельса, больш за 20 – начальнікам аддзела эканомікі, а потым – намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

На раённых семінарах па падвядзенні вынікаў работы за пэўны прамежак часу яна рабіла глыбокія і дэталёвыя аналізы. З дапамогай лічбаў малявала дакладную сітуацыю ў жывёлагадоўлі або раслінаводстве, называла сумы страт, панесеных гаспадаркамі з-за парушэння тэхналогіі.

Галоўная рыса характару, якая заўсёды вылучала гэтую жанчыну – неабыякавасць. Таму і ў ААТ “Імя Жукава”, куды Валянціна Рыгораўна прыехала разам са старшынём раённага аб’яднання прафсаюзаў Раманам Цеслянком, галоўным спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алай Гардзейчык, зацікаўлена азнаёмілася з дакументацыяй і нагляднасцю, умовамі, якія створаны для людзей, прааналізавала паказчыкі работы кожнага вытворчага падраздзялення і зрабіла для сябе пэўныя вывады. Ды і работнікі звярталіся да яе як да вопытнага спецыяліста, які ведае ўсё і пра расцэнкі, і пра аплату працы.

Адзінаццатага лістапада ў гаспадарцы падводзілі вынікі дзейнасці за студзень – кастрычнік. Пачалі з МТФ у Конанаўшчыне. У пакоі для адпачынку, дзе вялася зацікаўленая размова, – калектыў жывёлаводаў, дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Міхаленка і галоўны заатэхнік Святлана Козел.
– За гэты перыяд валавы надой на ферме склаў 715,1 тоны, у параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 197,2 тоны (на 38,1%). Сярэдні надой ад каровы – 4425 кг, што больш на 1388 кг (на 45,7%), – канстатавала галоўны эканаміст гаспадаркі Юлія Сырапарава. – Дзяржаве рэалізавана 635,7 тоны малака ў заліковай вазе (яго тлустасць – 3,75%). Гатунку экстра не было, хаця летась прадалі 321,2 тоны (76,2%). Па словах Юліі Віктараўны, знізілі пастаўку і малака вышэйшага гатунку, таму з-за няякасных паказчыкаў падраз-дзяленне страціла 4,3 тысячы рублёў. Элітная экстра магла б прынесці калектыву дадаткова 68,5 тысячы рублёў, але яе не атрымалі… Спецыяліст назвала суму заработнай платы кожнага аператара машыннага даення, адзначыла лепшых, агучыла загад дырэктара аб прэміраванні па выніках работы за кастрычнік. Да слова, у спісе значыцца адзіннацаць чалавек, і не толькі з Конанаўшчыны, але і з іншых ферм.

Валянціна Раманюк і Юлія Здор з гэтай МТФ надаілі за дзесяць месяцаў больш чым па 4330 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, Ала Фядун – па 4285. З дваццацігадовага ўзросту занята ў жывёлагадоўлі і Валянціна Цярэшчанка, якая працягвае справу сваёй матулі Веры Пятроўны. Яе ўжо няма ў жывых, але ж у памяці тых, хто яе ведаў, яна засталася як шчырая і добрасумленная працаўніца.

Трэба аддаць належнае старшыні прафкама гаспадаркі Галіне Прахарэнцы: на кожнай ферме (а мы аб’ехалі ў той дзень усе) ёсць стэнды, якія адлюстроўваюць прафсаюзнае жыццё. Указаны і нумары тэлефонаў прафсаюзных лідараў усіх узроўняў. Што датычыцца Конанаўшчыны, то сюды, як расказала Галіна Фёдараўна, мяркуецца ў бліжэйшы час набыць яшчэ адзін стэнд, а таксама фарбу для падлогі.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Тамко, які таксама прысутнічаў пры падвядзенні вынікаў, пацікавіўся ў людзей, ці ведаюць яны, з чаго складваецца іх заработная плата, што ўплывае на яе памер, як арганізавана на месцы медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне, ці ёсць прэтэнзіі да камунальнай службы.

Як высветлілася, вяскоўцаў усё задавальняе. Адзінае пытанне, якое ўзнікла ў даглядчыкаў, датычылася гужавога транспарту.

У Рыжкаве ўвесь калектыў быў у зборы. Пачыналася абедзеннае даенне, і каб не парушаць вытворчы працэс, пагутарылі з людзьмі на іх рабочым месцы. Сярэдняя заработная плата аператараў машыннага даення склала за студзень – кастрычнік 661 рубель, найвышэйшая (838 рублёў) – у таго, хто надаіў малака больш за іншых. Дарэчы, усе яны тут вопытныя, а некаторых, як Васіля Пікуля, ведаюць і за межамі раёна. Для Ірыны Раманюк і Анатоля Худзенкі жывёлагадоўля стала сямейнай справай. Яна доіць кароў, а муж абслугоўвае даільнае абсталяванне.

Прыемна здзівіла, што ў Рыжкаве атрымалі сярэднясутачныя прывагі па 824 грамы. Вось каб і на іншых фермах так!

У Мікулічах лепшых вынікаў па надою малака дасягнула Ганна Ламака: валавы склаў 169 549 кілаграмаў, у разліку на карову – 4271.

Аператары даільнага малочнага блока ў Бурках знізілі вытворчасць прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам, як і яго якасныя паказчыкі (апошняе датычыцца ўсіх падраздзяленняў). Экстры за дзесяць месяцаў ААТ “Імя Жукава” не рэалізавала ні кілаграма. Юлія Сырапарава называла на кожнай ферме недаатрыманыя сумы грошай. У Бурках, напрыклад, гэта 147,5 тысячы рублёў. Ёсць над чым працаваць усім. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Святлана Козел запэўніла, што яны толькі пачалі адпраўляюць на перапрацоўку малако гатунку экстра. А мне ўзгадваецца, як летась менавіта гэтае адкрытае акцыянернае таварыства на працягу года рэалізоўвала 80% прадукцыі вышэйшай пробы. Шкада, што не ўтрымаліся на заваяваных пазіцыях. Па словах Святланы Мікалаеўны, большая частка малака ў іх – вышэйшага гатунку. Але ж розніца ў цане з экстрай – 100 рублёў на тоне…

Што мне падабаецца ў “Імя Жукава”, дык гэта аператыўнае ўхіленне недахопаў, якія выяўляюцца мабільнай групай райвыканкама ў час праверкі, а яшчэ – жаданне стварыць людзям належныя ўмовы. На ўсіх фермах у пакоі для адпачынку – чайнікі, кубкі, цукар. Бачна, што ў кароткія хвіліны перапынку людзі збіраюцца разам. Галіна Фёдараўна размясціла на стэндах інфармацыю аб шкодзе алкаголю, курэння.

Добра, што ў раёне вярну-ліся да ранейшай формы работы з людзьмі. Падвядзенне вынікаў у жывёлагадоўлі будзе праходзіць штомесяц з удзелам кіраўнікоў сельгаспрад-прыемстваў, спецыялістаў, пра-фсаюзных лідараў, ідэолагаў. І не фармальна, а з глыбокім аналізам паказчыкаў, пошукам шляхоў эфектыўнага гаспадарання.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *