Пытанні вытворчасці АПК былі першачарговымі на апаратнай нарадзе ў старшыні Брагінскага райвыканкама

Официально

Пытанні вытворчасці АПК былі першачарговымі на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Паказчыкі і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве пакідаюць жадаць лепшага. І нельга ўсё спісваць на кліматычныя ўмовы: калі прааналізаваць сёлетнюю азімую сяўбу, дык таксама становіцца зразумела, дзе ў годзе наступным ураджай недаатрымаюць. Там, дзе да работы аднесліся абыякава. Гэта ж датычыць і жывёлагадоўлі: калі не нарыхтавана дастатковая колькасць кармоў, калі за дзень губляецца паўтары тоны малака – аб якім гаспадаранні можа ісці размова? Каб перакрыць недабор прадукцыі раслінаводства, патрэбна рупліва займацца жывёлагадоўляй. Восень спрыяе нарыхтоўцы кармоў, аднак эфектыўна работа арганізавана далёка не ўсюды. А калі падыход абыякавы, аддачы чакаць не даводзіцца.

Фінансавая сітуацыя ў ПМС пакідае жадаць лепшага. Ёсць запазычанасці ААТ перад прадпрыемствам, але тыя разлічвацца не спяшаюцца. Між тым каб нарошчваць аб’ёмы работ, патрэбны фінансы: гэта і запчасткі, і паліва, і тая ж заработная плата. Так плацёжная неабавязковасць адных стрымлівае развіццё другіх. Аддзелу эканомікі райвыканкама, спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання даручана разабрацца ў сітуацыі, прадугледзець разлікі гаспадарак з абслугоўваючай арганізацыяй.

НАВЯДЗЕННЕ ПАРАДКУ ў прыдарожных лесапалосах павінна стаць прыярытэтным. На тэрыторыі раёна яшчэ можна пабачыць вынікі летняй буры, якая закранула і лясы. Гэта недапушчальна, паваленыя дрэвы, так званы буралом патрэбна прыбраць усюды.

Старшыня райвыканкама паставіў пытанне і перад ДАРОЖНЫМІ СЛУЖБАМІ: калі ўжо будзе прыведзена ў парадак дарога ў Гдзені? Гэтая праблема ўздымалася падчас сустрэч з насельніцтвам. У вёсцы пражывае дзевяноста чалавек, і забываць пра іх нельга. Тут жа закранулі пытанне ачысткі русла Брагінкі. Як праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама Васіль Шэйка, гэта так званая Ніжняя Брагінка, і яна не стаіць на балансе ПМС. Сітуацыю неабходна выправіць і навесці парадак і ў дакументацыі, і на рацэ – даручэнне старшыні райвыканкама.

МАБІЛЬНАЯ ГРУПА райвыканкама наведала ААТ “Імя Жукава”. Як праінфармаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец, недахопаў тут выяўлена няшмат, і яны аператыўна выпраўляюцца. Аляксандр Кохан адзначыў станоўчыя зрухі ў гэтай гаспадарцы, галоўнае – не спыняцца на дасягнутым.

Віктар Марчанка, начальнік РАНС, паведаміў: колькасць пажараў павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Трэцяга лістапада здарылася няшчасце ў Чамярысах. Верагодна, ад перакалу печы загарэўся дом. Добра, што людзі не пацярпелі. А ўзгаранне павінна стаць сур’ёзнай падставай для трывогі і для ўзмацнення дзейнасці наглядальных камісій. Раз такі выпадак мае месца, значыць прафілактычная работа недастатковая, – адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі.

Па інфармацыі в.а. начальніка РАУС Мікалая Якуніна, за ты-дзень складзена васемнаццаць адміністрацыйных пратаколаў. Супрацоўнікі ДАІ асаблівую ўвагу звяртаюць зараз на наяўнасць флікераў у пешаходаў. Цямнее рана, і патрэбна паклапаціцца аб дзецях і аб асабістай бяспецы, – адзначыў Мікалай Мікалаевіч. Па даручэнні старшыні райвыканкама было праверана вулічнае асвятленне. Там, дзе патрэбна замена ліхтароў, працуе КЖУП “Брагінскае”.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні будаўніцтва, выканання прагнозных заданняў, пагранічнай бяспекі.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Пакінуць адказ