ААТ “Брагінка” рэалізуе малако элітнага гатунку

Сельское хозяйство

Вольга Міроненка

Прафесія гэта не надта папулярная, але ад яе прадстаўнікоў залежыць многае. Кожны раз, калі размова заходзіць пра спецыялістаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, я ўзгадваю расказ аднаго з дырэктараў гаспадарак, якая з ліку перадавых трапіла ў адстаючыя. А прычына ў тым, што на гэтай пасадзе апынуўся чалавек, які быццам і работу сваю сумленна выконваў, і перажываў за яе, ды вось вынікі аказаліся плачэўныя, таму не дачакаліся на лепшай ферме ні ацёлаў, ні прыплоду. Рэзка ўпала вытворчасць малака, і каб выйсці на ранейшыя пазіцыі, спатрэбіцца шмат часу.

Лічу, што ААТ “Брагінка” ў гэтым плане пашанцавала: асемяненнем жывёлы тут займаецца Вольга Міроненка, якая ўсведамляе сваю адказнасць за высокія надоі. Шлях у прафесію гады чатыры таму пачынаўся на старой ферме, прычым паспяхова. Разам з загадчыкам МТФ пераносіла з радзільнага аддзялення ў суседняе памяшканне па 100 цялят. Прыплоду было шмат, вынікамі работы былі задаволены ўсе, у тым ліку і сама Вольга.

Тры гады маладая жанчына расціла дачушку, а калі ўладкавала яе ў садзік, вярнулася на ранейшае месца і ўзялася за справу з яшчэ большым стараннем. Яе тут чакалі, а для новага заатэхніка Алены Кацубы Вольга стала першай дарадчыцай.

У апошні час “Брагінка” рэалізуе малако элітнага гатунку, і на пытанне, што гэтаму паспрыяла, Алена Васільеўна адказала коратка: “Працуем, стараемся, падтрымліваем чысціню, сочым за парадкам. Кантралюем санітарны стан даільнага абсталявання і посуду”.

Галоўны ветэрынарны ўрач Уладзімір Зубар дапоўніў: “Каб не было саматычных клетак у малацэ, неабходна своечасова праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы і не дапускаць захворвання жывёлы”.

У даільнай зале комплексу ў абедзенны час гаспадарыла Валянціна Варужэнка і яе памочніцы. Яна аператар машыннага даення са стажам, таму і надзеі на яе ўскладваюць немалыя.
На комплексе ўтрымліваецца 539 кароў, 285 галоў маладняку ад шасці месяцаў і да года, звыш года – 692 галавы і 263 цяляці. Лічбы гэтыя прывяла невыпадкова: стан здароўя ўсіх кантралюе адзін ветэрынарны ўрач. А яшчэ ездзіць у суседнюю вёску Новы Пуць, дзе сканцэнтравана пагалоўе адкорму. Дапамагаюць яму практыканты, спецыялісты з раённага цэнтра, але ж усё роўна нагрузка немалая.

Валянціна Варужэнка – аператар машыннага даення са стажам.

Задачы перад працаўнікамі фермы стаяць адказныя. Яны не выйшлі на ўзровень мінулага года па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за студзень – верасень, таму стараюцца накіраваць свае намаганні на ліквідацыю мінусаў і паспяхова правесці зімова-стойлавы перыяд.

Ніна СІНІЛАВА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *