Жыццё пражыць – не поле перайсці

Главное Год малой родины Грамадства

Так лічыць сямейная пара Хіжанкоў – Уладзімір Фёдаравіч і Дзіна Аляксандраўна. Чацвёртага лістапада 2019 года яны ўступілі ў свой юбілейны год – год залатога вяселля. За гэты час былі і радасці, і засмучэнні, але “поле”, наканаванае лёсам, яны прайшлі разам, пераадолелі ўсе цяжкасці, якія сустракаліся ў жыцці.

У любові і згодзе вырасцілі траіх дзяцей: двух дачок і сына. Як і бацькі, яны атрымалі вышэйшую адукацыю і паспяхова працуюць у розных сферах. Кожны стварыў сваю сям’ю, і сёння дзядулю Уладзіміра і бабулю Дзіну радуюць аж сямёра ўнукаў. Будучыя залатыя юбіляры лічаць гэта вялікім шчасцем.

Падзяку і пашану людзей Уладзімір Фёдаравіч і Дзіна Аляксандраўна заслужылі сваёй плённай працай. Ён выдатны матэматык з 45-гадовым педагагічным стажам, яна настаўніца пачатковых класаў, памяркоўная і добразычлівая жанчына, аддала школе 43 гады.

Мне і майму мужу пашанцавала працаваць з імі ў Хракавічах. Але нядоўга, бо Уладзімір Фёдаравіч хутка пачаў рухацца па службовай лесвіцы: арганізатар пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы Хракавіцкай школы, дырэктар Іялчанскай школы, загадчык аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама…

У сэрцах сваіх вучняў педагогі таксама пакінулі глыбокі след. Многія засталіся ім удзячнымі не толькі за атрыманыя веды, але і за падтрымку, жыццёвыя ўрокі. Уладзіміру Фёдаравічу, дарэчы, было чым захапіць і зацікавіць дзяцей, бо перш чым прыйсці ў настаўнікі, ён працаваў электрыкам у шахце Данецкай вобласці. Адтуль быў прызваны на тэрміновую службу на Паўночны флот, плаваў на першых атамных падводных лодках. Дзякуючы аналітычнаму складу мыслення малады чалавек заўсёды быў сканцэнтраваны і адказны. Гэта і дапамагло паспяхова закончыць механіка-матэматычны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сур’ёзную жыццёвую загартоўку Уладзімір Фёдаравіч атрымаў і ў сваёй сям’і, дзе быў старэйшым сынам. З цеплынёй і ўдзячнасцю ён расказвае аб сваіх бацьках, якія ў цяжкія пасляваенныя гады вывелі ў людзі пяцярых дзяцей. Партрэт бацькі, перадавога брыгадзіра паляводчай брыгады калгаса імя Гагарына, які за ўдарную працу быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, не раз размяшчаўся на старонках раённай газеты. Захоўваючы пераемнасць пакаленняў, свайго сына Хіжанкі назвалі Аляксандрам, а аднаго з унукаў – Фёдарам.

Уладзімір Фёдаравіч і Дзіна Аляксандраўна не толькі добрыя бацькі і педагогі, але і шчырыя, гасцінныя суседзі, за што і паважаюць іх у Хракавічах. Умее гэтая сямейная пара і прыгожа бавіць вольны час. Мне, напрыклад, успамінаецца, як яны некалі выступалі на клубнай сцэне: ён акампаніраваў на баяне, а яна мілагучна спявала лірычныя песні.

Дык як жа стварылася гэтая цудоўная сям’я? Пяцьдзясят гадоў таму, 1 верасня 1969-га, Уладзімір Фёдаравіч прыйшоў выкладаць матэматыку ў Хракавіцкую школу. А Дзіна Аляксандраўна ўладкавалася сюды роўна праз год – 1 верасня 1970-га, пасля заканчэння Мазырскага педінстытута. Ускалыхнула сэрца юнака дзяўчына-прыгажуня з пышнымі валасамі, ямачкамі на шчочках, вясёлым агеньчыкам у незвычайна ясных вялікіх вачах. І ён зразумеў: гэта тая, якую так доўга чакаў. Праз два месяцы, 4 лістапада 1970-га, зарэгістравалі шлюб, і вось ужо пяцідзесяты год крочаць разам па жыцці ў каханні і згодзе.

…Чарнобыльская бяда вымусіла многіх нашых землякоў змяніць месца жыхарства, і сям’я Хіжанкоў пераехала ў Мінск, дзе ўдваіх працавалі настаўнікамі ў школе №205. А калі пайшлі на заслужаны адпачынак, паклікала да сябе малая радзіма. Уладзімір Фёдаравіч – ураджэнец Старых Юркавіч, а Дзіна Аляксандраўна з Зарэчча, але на пенсіі вырашылі абаснавацца ў Хракавічах, у вёсцы, дзе давалі першыя ўрокі, хадзілі з вучнямі ў паходы, займаліся спортам, выступалі на сцэне, ну і, вядома ж, сустрэлі адзін аднаго, стварылі моцную сям’ю.

Не кожны зразумее, што прымусіла гэтых людзей развітацца са сталічным камфортам, але яны сёння з задавальненнем займаюцца агародам і садам. І хоць сёлета Уладзіміру Фёдаравічу ўжо споўнілася 75 гадоў, ён яшчэ з ахвотай рыбачыць, збірае грыбы, вырошчвае смачны вінаград.
Мая сям’я жадае паважаным былым калегам у здароўі і ў радасці сустрэць яшчэ і дыяментавае вяселле.

Любоў МАЙСЕЕНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *