ЕС прапануе Беларусі падпісаць пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму ў студзені

Общество

ЕС прапануе Беларусі падпісаць пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі ў студзені 2020 года ў Бруселі (Бельгія). Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па выніках пасяджэння каардынацыйнай групы Беларусь – ЕС.

Восьмае пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь – ЕС адбылося 17-18 снежня ў Бруселі. Дэлегацыя ЕС пацвердзіла адкрытасць да далейшага развіцця адносін з Беларуссю. Адным з ключавых пытанняў у парадку дня былі пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Беларусь і ЕС абмеркавалі заключныя крокі, неабходныя для падпісання і ўступлення ў сілу пагадненняў. Пасля падпісання абодва пагадненні павінны будуць прайсці працэдуру ратыфікацыі ў Еўрапейскім парламенце і Нацыянальным сходзе Беларусі.

У ЕС нагадалі, што кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі вырасце да 80 еўра з 2 лютага 2020 года. Але пасля ўступлення ў сілу пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт “шэнгена” для беларусаў знізіцца да 35 еўра. Прадугледжаны і шэраг іншых паслабленняў.

Каардынацыйная група Беларусь – ЕС правяла сваё першае пасяджэнне ў красавіку 2016 года. Гэты фармат створаны для структурыраванага дыялогу па ўсім спектры пытанняў узаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Пасяджэнні праходзяць раз у паўгоддзе. Удзел у іх прымаюць прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, профільных органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі.

Як паведамлялася раней, Савет ЕС зацвердзіў рашэнне аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб аблягчэнні візавага рэжыму. У верасні Беларусь завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па пагадненнях з Еўрапейскім саюзам. Кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб падпісанні пагадненняў з ЕС аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі. Гэтаму кроку папярэднічаў даволі складаны і доўгі па часе перагаворны працэс з Еўрапейскім саюзам, па выніках якога выпрацаваны ўзаемапрымальныя тэксты, якія ў найбольш поўнай меры ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў.

БелТА



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *