На апаратнай нарадзе. Цярністы шлях ад ведаў да практыкі

Официально

Пачынаючы апаратную нараду, старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан завастрыў увагу прысутных: неабходна яшчэ раз дэталёва прааналізаваць выкананне даведзеных ПАКАЗЧЫКАЎ, фінансавы стан прадпрыемстваў і арганізацый. Аксіёма, што ад гэтага залежыць стабільнасць ААТ і ўстаноў, а значыць, і заробкі, дабрабыт кожнага, не стала галоўнай для некаторых кіраўнікоў, эканамічных службаў. Між іншым, калі глядзець шырэй, дык адсюль вынікае і сітуацыя ў раёне, яго развіццё і стабільнасць. Чаму выплата заработнай платы становіцца праблемай у некаторых ААТ? Як адзначыў Аляксандр Васільевіч, адказ на гэтае пытанне просты: не ў поўнай меры ўсведамляюць свае абавязкі кіраўнікі, спецыялісты, у тым ліку і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Было падкрэслена, што з пачатку месяца патрэбна пачынаць працаваць над тым, каб своечасова выплаціць заработную плату, разлічыцца за энерганосьбіты. У рэшце рэшт, гэта абавязак кожнага кіраўніка. А калі працаваць спусціўшы рукавы, зрухаў чакаць не даводзіцца.

Працягваючы тэму АПК, кіраўнік раённай вертыкалі спыніўся на пытаннях жывёлагадоўлі. Кліматычныя ўмовы не ўсім дазволілі нарыхтаваць кармы з запасам. “Не дапусціць марнатраўства, арганізаваць улік і эфектыўнасць кожнай кармавой адзінкі – задачы заатэхнічнай службы, усіх зацікаўленых”, – падкрэсліў Аляксандр Васільевіч. Кармы – гэта прадукцыя, і калі яны не трапляюць да жывёлы альбо няякасныя, аддачы чакаць нельга. Азы, пра якія ведаюць усе і якія нават паўтараць неяк няёмка. Аднак ад ведаў да практыкі – цярністы шлях, пацверджанне гэтаму – нізкія прывагі і надоі. Намесніку начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміру Сніцарэнку даручана разгледзець сітуацыю па кожным ААТ. Больш дэталёва стан спраў прааналізуюць падчас справаздачы па форме 12сх.

Зараз неабходна ўплываць на сітуацыю года наступнага. У першую чаргу гэта датычыць САЦЫЯЛЬНАЙ СФЕРЫ. Размеркаваць сродкі патрэбна так, каб хапіла і на ўсе накірункі дзейнасці, і на заработную плату. Пры гэтым нельга забываць аб пашырэнні кола платных паслуг, павялічэнні прыбыткаў.

Крытычныя заўвагі старшыня райвыканкама адрасаваў КЖУП “Брагінскае”. Кантэйнерныя пляцоўкі своечасова не прыбіраюцца, смецце не вывозіцца. Асабліва гэта датычыць вуліц з сядзібнымі забудовамі. Арганізацыям і прадпрыемствам таксама нельга забываць аб НАВЯДЗЕННІ ПАРАДКУ на замацаваных тэрыторыях. А абыякавасць нашага насельніцтва часам “зашкальвае”. У раёне новых шматкватэрных дамоў па вуліцы Гагарына восенню пасадзілі дрэўцы. Зроблена гэта было па правілах, яны падвязаны да калкоў. Але сёння гэтыя калкі паваленыя, і нікому справы няма. Жыхары дамоў праходзяць міма. Вядома ж, парадак навядуць адпаведныя службы або замацаваныя арганізацыі.

Па інфармацыі выконваючага абавязкі начальніка РАУС Мікалая Якуніна, за тыдзень на нумар 102 паступіла 46 паведамленняў. Узбуджаны тры крымінальныя справы, адна з якіх – за катаванне, чатыры чалавекі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, два – за сямейныя скандалы. Выяўлены факт самагонаварэння, апарат канфіскаваны.

Начальнік РАНС Віктар Марчанка праінфармаваў аб узгараннях, якія адбыліся за ты-дзень. Статыстыка несуцяшальная: з пачатку года ў раёне адбылося 17 пажараў, у 2018-м іх было дзевяць. Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Кохан засяродзіў увагу кіраўнікоў: яшчэ раз прааналізаваць сітуацыю ў калектывах з кожным працаўніком, высветліць наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Калі неабходна, дапамагчы набыць гэтыя прыборы, якія ўжо не раз даказвалі сваю эфектыўнасць.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні будаўніцтва, гандлю, асвятлення вуліц і дваровых тэрыторый, адміністрацыйнай практыкі, утрымання дарог, інш.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *