Падводзім вынікі. У прыярытэце – клопат аб людзях

Сельское хозяйство

Напярэдадні Новага года лепшыя працаўнікі ферм Брагіншчыны ў рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” атрымалі падарункі ад прафсаюзных камітэтаў і наймальнікаў.

Падвядзенне вынікаў работы за месяц праходзіць на фермах ААТ з удзелам прафсаюзных лідараў раёна, кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікоў улады. Гэта дае станоўчыя зрухі: дырэкцыя “Брагінкі” і “Чамярыскага” (нягле-дзячы на фінансавыя праблемы) набыла новыя стэнды для нагляднай інфармацыі. А малады кіраўнік ААТ “Пераможнік” закупіў для пакояў адпачынку чарговую партыю мэблі на 70 тысяч рублёў. Па словах старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціны Дзегцярэнкі, яны з калегам Раманам Цеслянком прыязджаюць у гэтую гаспадарку з задавальненнем. Бачны клопат дырэктара аб земляках, і можна толькі парадавацца за аператараў машыннага даення малочнага комплексу, якія атрымліваюць у месяц па 1400 рублёў. Праца ў іх не з лёгкіх, таму і аплачвацца павінна адпаведна.

Ва ўсіх ААТ (за выключэннем “Малажынскага”) устаноўлены надбаўкі за складанасць і напружанасць работы ў жывёлагадоўлі. Ні ў адным акцыянерным таварыстве вяскоўцы не паскардзіліся на адсутнасць асвятлення на тэрыторыі вытворчых падраздзяленняў, дарэчы, з вулічным таксама ўсё ў парадку. Забяспечваюць людзей і спецадзеннем.

У ААТ “Імя Жукава” старшыня прафкама Галіна Прахарэнка адзначыла за стараннасць Таццяну Ганчар, Уладзіміра Раманюка і Вольгу Паўлючэнку. На ўсе фермы яна прывезла новыя электрачайнікі. Дырэктар “Брагінкі” Тамара Кудан уручыла падарунак аднаму з лепшых жывёлаводаў гаспадаркі Аляксандру Нікіценку.

Глыбокі аналіз як дасягнутага, так і пралікаў быў зроблены ў “Чамярыскім”. З калектывамі МТФ часта сустракаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калясан. Пазнаёміўся ён з поспехамі працаўнікоў ферм і на гэты раз. У ліку заахвочаных – Віктар Савенка, Святлана Канаплянік і Кацярына Каліта. У гаспадарцы прадумана падыходзяць да стымулявання людзей, распрацоўкі ўмоў спаборніцтва.

Не ўзнікла пытанняў адносна заработнай платы ў “Брагінскім”. А вось паслугі КЖУП “Брагінскае”, на думку жыхароў вёскі Вуглы, дарагія: каб адпампаваць каналізацыю, патрэбна выдаткаваць немалую для іх суму.

Рэгулярна падводзяцца вынікі работы да дзясятага чысла ў “Камарынскім”. І хаця галоўны эканаміст гаспадаркі прысутнічала на фермах, стан спраў у жывёлагадоўлі аналізаваў дырэктар Рыгор Анапрэенка. Ён умее і пераканаць, і паўшчуваць, і задачы паставіць. На МТФ у Прудавіцы асноўную ўвагу ўдзялілі тэхналогіі вытворчасці малака.

У ААТ “Малажынскі” мы пабывалі разам з Валянцінай Дзегцярэнкай і старшынём раённага аб’яднання прафсаюзаў Раманам Цеслянком. Намеснік дырэктара Яўген Ясінскі, старшыня прафкама Паліна Пімінёнкава і галоўны эканаміст Вольга Давыдоўская абнаўлялі інфармацыю, параўноўвалі надоі і прывагі на МТФ, называлі лепшых. Як падкрэсліў Яўген Юр’евіч, у лідарах – калектыў фермы ў в. Пераносы: вытворчасць малака тут складае 113%. Пасля ацёлу 110 кароў гэты працэнт будзе яшчэ вышэйшы. Падзякі заслугоўваюць на гэтай ферме ўсе, бо паўсядзённай працай яны ўмацоўваюць эканоміку гаспадаркі, клапоцяцца аб росце надояў і прываг.

Дойны статак Юркавіцкай МТФ даглядаюць цудоўныя жанчыны, дзве з якіх – у пенсійным узросце. Гэта Людміла Малая і Наталля Рыжык. Сваёй пазітыўнай энергіяй, аптымізмам яны зараджаюць іншых.

Пытанні, якія ўзніклі на Дублінскай і Малажынскай фермах наконт аплаты працы, павінны вырашыць эканамісты, а дырэкцыя – паклапаціцца, каб у пакоях для адпачынку было цёпла.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *