Сям’я Кучык шчыра радуецца зменам, якія адбываюцца ў Брагіне

Год малой родины Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы

Лёс гэтай пары цесна пераплятаецца з лёсам іх малой радзімы – Брагінам, які яны лічаць найпрыгажэйшым і найлепшым і які не прамянялі ў паслячарнобыльскі перыяд ні на які другі, хаця магчымасці такія былі. Таму шчыра радуюцца тым зменам, якія тут адбываюцца, засмучаюцца, калі нешта ідзе не так. Памятаецца, у сваёй газеце мы праводзілі апытанне, якім хочуць бачыць новы мікрараён жыхары гарпасёлка. Першымі адгукнуліся і выказалі сваё меркаванне Ала і Іван Кучыкі.

Пажаніліся яны ў студэнцкія гады ў лютым 1984-га, калі былі ўжо на чацвёртым курсе Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Павіншаваць маладых, паўдзельнічаць ва ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу ў Брагін прыехалі юнакі і дзяўчаты, з якімі разам вучыліся. ЗАГС тады размяшчаўся па вуліцы Гагарына, 47 (зараз тут – аддзел адукацыі, спорту і турызму і рэдакцыя газеты “Маяк Палесся”).

На трэці дзень вяселля разгулялася такая мяцеліца, што свету белага не было відаць. Пазамятала ўсе дарогі, аўтобусы не рухаліся. Але аднакурснікаў Алы і Івана гэтая акалічнасць асабліва не засмуціла: пасля сесіі ў іх былі зімовыя канікулы. Затое бацькам нявесты давялося шмат пахвалявацца і падумаць, як найлепш пачаставаць сяброў маладых, а галоўнае, як дастаць дзесяць білетаў да Мінска. Маршрутак не было, а пасажыраў за гэты час сабралася шмат. І ўсё ж, як кажуць, свет не без добрых людзей. Касір аўтастанцыі з разуменнем аднеслася да іх праблемы і абілеціла ўсіх гасцей.

У 1984 годзе ЗАГС размяшчаўся па вуліцы Гагарына.

Пасля размеркавання ў 1985-м Кучыкі прыехалі ў калгас “Першамайскі” (зараз – ААТ “Малажынскі”). Івана Мікалаевіча прызначылі галоўным заатэхнікам, Алу Ана-тольеўну – старшым. Разам з імі ў той час працавалі Сяргей Набок, які цяпер узначальвае ААТ “Брагінаграсэрвіс”, Юрый Корань (цяпер – галоўны дзяржаўны інспектар, а на той момант – загадчык майстэрняў), Рыгор Анапрэенка (дырэктар ААТ “Камарынскі” пачынаў сваю кар’еру з пасады галоўнага агранома), а таксама Анастасія Абашына. Яна была галоўным ветэрынарным урачом спачатку ў калгасе, а потым і ў раёне.

Сёння гэта вядомыя і паважаныя на Брагіншчыне людзі, выдатныя спецыялісты. Яны нямала зрабілі для эканамічнага росту і развіцця краю. Што характэрна: пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986-м ніхто не пакінуў гэтыя мясціны. Усе засталіся на сваіх працоўных месцах і дасягнулі прафесійных вышынь. З настальгіяй узгадваеш, што прадпрыемствы АПК раёна ў савецкія часы папаўнялі моцныя духам, адукаваныя і ўлюбёныя ў сваю справу людзі, сапраўдныя патрыёты…

У 1993-м сям’я Кучыкаў пераехала ў Брагін. Да выхаду на заслужаны адпачынак Іван Мікалаевіч быў звязаны з заатэхніяй, Ала Анатольеўна – з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (24 гады адпрацавала галоўным бухгалтарам). Пра перспектыўную праграму “Мільён палескага мяса” гаспадар сям’і ведаў са студэнцкіх гадоў. Мясную лімузінскую і шаралезскую пароды буйной рагатай жывёлы разводзілі ў Брэсцкай вобласці, і ён, калі пераехаў у Брагін і пачаў працаваць у райплемстанцыі, вырашыў укараніць гэтую праграму. Тым больш што і Прэзідэнт падчас свайго візіту ў раён нацэльваў на вырошчванне жывёлы мясных парод. Частка гаспадарак пераспецыялізавалася з малочнай жывёлагадоўлі на мясную.

Мае героі ўзгадваюць, якім багатым быў раён да аварыі на ЧАЭС. Сметанковае масла, якое выраблялася на мясцовым прадпрыемстве, ішло на экспарт у Маскву, Ленінград, нават у Германію. Былі ў гарпасёлку вінзавод, крухмальны цэх, хлебазавод… Калгасы і саўгасы Брагіншчыны славіліся высокімі ўраджаямі сельгаскультур.

Прайшлі гады, многае змянілася з таго часу, але на радасць карэнным жыхарам раённы цэнтр маладзее і прыгажэе. Яго не пазнаць. У гэтым прызнаюцца аднакласнікі Алы. На месцы былой драўлянай школы, у якую пайшла ў 1967-м, – помнік Васілю Ігнаценку. Наступныя два гады хадзіла ў навучальную ўстанову, размешчаную па вуліцы Савецкай (зараз тут – гістарычны музей з карціннай галерэяй). Дзясяты клас заканчвала ў новай школе, якую пабудавалі ў 70-я. Яны, старшакласнікі, саджалі дрэвы ў парку, якія выраслі і ўпрыгожылі райцэнтр. Тут юнакі і дзяўчаты любілі адпачываць. Беластволыя прыгажуні-бярозы з’явіліся за стадыёнам дзякуючы іх клопатам.

Ала Анатольеўна (першая злева) на першамайскай дэманстрацыі. 10 клас.

Аднакласнік Алы Анатольеўны, які жыве зараз у Маскве, задумаў пабудаваць капліцу на месцы былой царквы (на перакрыжаванні вуліц Махава і Першамайская). А яны з Іванам як толькі пажаніліся, ціхімі летнімі вечарамі, стоячы на мосце, марылі, што пад ім некалі зацурчыць вада, будзе прыгожа і ўтульна, як у парку ў Гомелі. Нават не ўяўлялі, што ў гэтым куточку Брагіна з’явіцца помнік воінам-афганцам, а ў спякотныя летнія дні жыхары і госці гарпасёлка будуць спяшацца да прыгожага фантана насупраць, што ўжо іх дзеці са сваімі сябрамі высадзяць туі і дрэвы іншых парод…

Ала Анатольеўна – карэнная брагінчанка, Іван Мікалаевіч, хаця і нарадзіўся на Століншчыне, душой прыкіпеў да гэтых мясцін. Яны кожную вясну напярэдадні Радаўніцы даглядаюць магілы настаўнікаў, якія працавалі ў школах райцэнтра і прывілі сваім вучням лепшыя чалавечыя якасці, у тым ліку пачуццё любові да радзімы.

Кучыкі вядуць здаровы лад жыцця, купальны сезон адкрываюць у маі і заканчваюць 30 верасня. Паслядоўнікаў у іх шмат, паплаваць у Брагінцы любяць многія, нават з Хойнік прыязджаюць. Але ж засмучае тое, што зона адпачынку каля невялікай рачулкі не дастаткова абсталявана. Выйсці на бераг – праблема, таму спадзяюцца, што дойдзе чарга і да гэтага месца. Усяго адразу не ахопіш. Зроблена па добраўпарадкаванні шмат, і работы на гэтым не закончыліся. А мары, як яны пераканаліся, збываюцца.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *