Зіма прыйшла – самы час развешваць кармушкі і частаваць дробных птушак

Год малой родины Общество

Як рабіць гэта правільна, расказвае ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”

Вялікая сініца з арэшкам. Фота Анастасіі Сяргеевай

У халодны час многія вывешваюць кармушкі. Што туды класці? Якая ежа для птушак шкодная? Якіх гасцей чакаць на птушынай сталоўцы? Дапамагаем разабрацца!

Зімой дзень кароткі, а ноч доўгая і халодная. Здабыць корм у зімовы час робіцца цяжэй, але пры гэтым яго трэба больш: птушкам трэба дадатковая энергія, каб сагрэцца. Асабліва цяжка птушкам, калі галінкі і зямля пакрываюцца ільдом пасля адлігі і марозу.

Кармушка на дрэве ці за акном – выдатны спосаб дапамагчы дробным птушкам перажыць зіму і паназіраць за імі.

Дзе ўзяць кармушку?

Сёння кармушку можна лёгка набыць у розных крамах, у тым ліку будаўнічых. А можна праявіць творчасць і зрабіць яе сваімі рукамі з дрэва, пластыкавай бутэлькі або нават з шышак. Важна, каб дно кармушкі было з адтулінамі, адкуль будзе выцякаць лішняя вільгаць. І не забывай рэгулярна чысціць птушыную сталоўку.

Што класці ў кармушку?

Самы ўніверсальны корм для птушак – несалёныя нясмажаныя семкі сланечніка. Смачна, карысна, даступна. Крупы такой папулярнасцю ў вераб’іных птушак не карыстаюцца.

Разнастаіць меню можна насеннем рапсу, лёну, гарбузовымі семкамі, арахісам, кавалачкамі яблыка ды ягадамі. Калі хочаш зрабіць асаблівы падарунак для сініц і дзятлаў, прычапі на галінку кавалак несалёнага нясмажанага сала.

Якая ежа шкодная птушкам?

Ні ў якім разе не кармі птушак рэшткамі са свайго стала. Не кладзі нічога смажанага, печанага і салёнага ў кармушку. Хлеб як чорны, так і белы, як свежы, так і сухі – непрыдатная ежа для птушак.

Каго чакаць на кармушцы?

Нават у горадзе акрамя дамавых і палявых вераб’ёў, сініх і вялікіх сініц, да цябе на кармушку могуць завітаць зелянушкі, таўстадзюбы, папаўзні, гілі, дзятлы, сойкі, чыжы, амялушкі ды іншыя крылатыя госці.

Прайдзі анлайн-курс і вывучы 40 відаў гарадскіх птушак, што жывуць з табой побач

Ці трэба падкормліваць качак і лебедзяў?

Вадаплаўных птушак частаваць варта толькі ў вялікія маразы, калі тэмпература трымаецца на ўзроўні ніжэй за 15 градусаў марозу. Лебядзям і качкам можна прапанаваць зерне, крупы і аўсяныя шматкі, але не трэба даваць ім хлеб і батон: яны даюць адчуванне сытасці на кароткі час, але не маюць патрэбных птушкам карысных рэчываў.

Далучайся да акцыі “Птушкі ля кармушкі”!

Штогод у трэція выходныя студзеня АПБ ладзіць акцыю “Птушкі ля кармушкі”. 18 або 19 студзеня 2020 года трэба цягам гадзіны паназіраць за сваёй кармушкай і падлічыць птушак, якія яе наведалі, даслаць свае вынікі ў АПБ.



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *