18 і 19 студзеня — акцыя «Птушкі ля кармушкі». Як занесці свае назіранні?

Грамадства

Сіняя сініца на кармушцы. Фота Анастасіі Сяргеевай

Дапамажы птушкам у маразы, удзельнічай у акцыі «Птушкі ля кармушкі»! Запрашай крылатых гасцей на кармушку 18-19 студзеня і працягвай частаваць іх усю зіму.

Арганізатар  — ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».  Дзякуючы акцыі можна сачыць за зменамі ў папуляцыях дробных дзікіх птушак і своечасова рэагаваць на негатыўныя трэнды.

Такія акцыі праводзяцца ў многіх краінах. Менавіта дзякуючы штогадовым падлікам птушак на кармушках у Вялікабрытаніі заўважылі істотнае скарачэнне папуляцыі дразда-спевуна.

Гэты метад называецца «народная навука». Калі тысячы людзей па ўсёй краіне з году ў год лічаць птушак па адной методыцы, то дробныя памылкі ў адзначэнні відаў ці падліку птушак робяцца статыстычна неістотныя, а сур’ёзныя змены ў папуляцыях — заўважнымі.

Як паўдзельнічаць?

18 і (або) 19 студзеня падлічы віды і колькасць птушак на сваёй кармушцы на працягу 1 гадзіны і перадай свае дадзеныя ў АПБ адным са спосабаў:

• запоўні простую форму (будзе даступная з 18 студзеня да 18.00 19 студзеня);

• напішы паведамленне ў FB або ВК.

Наталля Саракавік, спецыяліст АПБ па акцыях і кампаніях “Назіраць за паводзінамі птушак, якія прылятаюць на кармушкі, — гэта як глядзець захапляльны серыял. Выдатны спосаб весела і з карысцю прабавіць час усёй сям’і, адарвацца ад гаджэтаў і руціны. Я вельмі чакаю на сваёй кармушцы таўстадзюба і сініх сініц. А хто прыляціць да цябе?”

Як правільна падлічваць птушак? Чытаем тут.

Птушак можна лічыць і 3-4 гадзіны, але тады павінна быць 3-4 справаздачы, па адной для кожнай гадзіны. Вазьмі нататнік, з першай чародкай запішыце час і пачні адлік гадзіны.

Будзем радыя тваім расказам, уражанням і назіранням! Змяшчай свае здымкі з кармушкі ў сацсетках з хэштэгам #птушкілякармушкі, а таксама загружай іх у спецыяльны альбом у VKontakte. Аўтараў самых цікавых здымкаў чакаюць сувеніры ад АПБ.

Як вызначыць птушку?

Каб вызначыць птушку, можна скарыстацца мабільным дадаткам Ptushki або загрузіць сваё назіранне у фэйсбук-групу “Птушкі Беларусі”. А найлепш – загадзя прайсці анлайн-курс для пачаткоўцаў па вызначэнні 40 відаў гарадскіх птушак.

Натхніцца для ўдзелу ў акцыі дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя. У мінулым годзе самымі незвычайнымі відамі на птушыных сталоўках сталі сівая жаўна, малы дзяцел і чорны дрозд.

Як зрабіць кармушку?

Калі ў цябе няма кармушкі, не турбуйся: зрабіць яе вельмі лёгка. Важна: у кармушках з тэтрапаку абавязкова пракалі ў дне некалькі адтулінак, каб вада ад снегу і дажджу не затапіла ўвесь “птушыны банкет”.

Дзяліся назіраннямі з кармушак у тэлеграм-чаце «Ціў-ціў»!

Чым частаваць птушак?

Найлепшы корм для вераб’іных – несалёныя і нясмажаныя сланечнікавыя семкі. Чысціць іх не трэба. Можна зрабіць сумесь, дадаўшы да гэтых семак неапрацаванае проса і авёс.

Для сінічак і дзятлаў падрыхтуй свежае сала (толькі несалёнае!) – яны паласуюцца з задавальненнем. Кавалачкі сала можна нанізаць на цвічкі па краях кармушкі, прывязаць да галінкі або падвесіць у сетачцы.

Вераб’і, зелянушкі, попаўзні і чыжы не адмовяцца ад арахісу (зноў жа – несалёнага і нясмажанага!)

Чым разнастайнейшым будзе твой пачастунак, тым больш відаў птушак можа наведацца да “застолля”.

Конкурс: сярод удзельнікаў акцыі, якія адправяць свае назіранні праз форму, мы разыграем 10 значыкаў з птушкамі, якія любяць пагасцяваць на кармушцы. Удзельнічай і, магчыма, да цябе прыляціць мініятурны гіль, верабейка або зелянушка!

А як прайшла акцыя летась?

20-21 студзеня 2019 года больш за 2000 удзельнікаў пачаставалі амаль 10 000 птушак! Самымі частымі гасцямі кармушак традыцыйна былі вялікая сініца (4648 птушак), палявы верабей (1718 птушак) і дамавы верабей (1373 птушкі). На кармушкі заляталі зелянушкі, сінія сініцы, каўкі, шызыя галубы, гілі, шэрыя вароны і сівыя сініцы.

Падрабязней пра тое, як прайшла акцыя «Птушкі ля кармушкі» летась, ты можаш пачытаць тут.

Ад кожнага з нас залежыць, каб як мага больш птушак не засталіся галоднымі ў халады. Далучайся да акцыі, дасылай свае назіранні і фотаздымкі, і няхай да тваёй кармушкі прыляціць як мага больш крылатых гасцей!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *