5 студзеня – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

Главное

Лепшыя чалавечыя якасці і шчырае жаданне быць карыснай людзям трымаюць Кацярыну Ласіцу на працы сацыяльнага работніка больш чым дваццаць гадоў.

Не адзін кіламетр ёй даводзіцца за дзень пракрочыць ці пракалясіць на веласіпедзе, каб зайсці да кожнага са сваіх падапечных. І не проста іх наведаць, а дапамагчы ў хатніх справах, даставіць лекі, прадукты харчавання, выканаць іншыя просьбы. Улічваючы невысокія памеры пенсій асоб, якім яна аказвае паслугі на даму, у пакупках кіруецца правілам: да стала – не толькі свежае, але і па ўмераных цэнах. Не лічыцца з часам, калі дзеля гэтага патрэбна зазірнуць не ў адзін магазін. Тым больш з набліжэннем зімовых святаў.

Кожнаму хочацца, нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, сустрэць Новы год урачыста, з захаваннем усіх традыцый.

Вось і ў кватэры Веры Уладзіміраўны Андрэевай, да якой мы завіталі ў канцы снежня разам з сацыяльным работнікам, адчуваўся подых свята: упрыгожаная елачка, прадуманае меню, прыўзняты настрой… Неабходныя прадукты і традыцыйнае шампанскае дзякуючы Кацюшы (менавіта так называе сваю памочніцу былая настаўніца матэматыкі) ужо чакалі сваёй падачы на стол. А ад Веры Уладзіміраўны гучалі толькі самыя цёплыя словы пра жанчыну, якая ў яе самы часты госць. Па ўсім было відаць, як яна па-мацярынску яе шкадуе: гэта ж колькі ў пераднавагоднія дні патрэбна важкіх пакетаў разнесці!

Так склалася, што стан здароўя не дазваляе ветэрану педагагічнай працы спраўляцца з усімі паўсядзённымі справамі самастойна. А родных людзей на тэрыторыі раёна няма. Доўга вагалася, ці згаджацца на прапанаваную дапамогу сацыяльнай службы. Хацелася, як прызнаецца, у свае крыху за семдзесят нікому не дастаўляць клопатаў і разлічваць толькі на ўласныя сілы. Але ўгаворы і перакананні, погляд на сітуацыю з боку іншых узялі сваё. І не думаю, што сёння Вера Уладзіміраўна гатова адмовіцца ад сваёй Кацюшы. За лічаныя месяцы яна стала для яе родным чалавекам, у якім адразу ж прыкмеціла разуменне, чуласць, добразычлівасць. Ды і самой Кацярыне Міхайлаўне побач з такой падапечнай – інтэлектуальнай, разважлівай, з багатым унутраным светам і жыццёвым вопытам – цікава. За размовай, прызнаецца, і не заўважаеш, як пралятае час.

Зараз Вера Уладзіміраўна, дарэчы, практычна не пакідае сцен сваёй кватэры, але быць у курсе ўсіх падзей, даведвацца пра навіны ў свеце ёй дапамагае камп’ютар. І да таго ж яна – актыўная карыстальніца сацыяльных сетак, што дазваляе нават на вялікай адлегласці падтрымліваць сувязь з роднымі і блізкімі, былымі калегамі і вучнямі. Нядаўна, напрыклад, даведалася што Ігар Пятрэня, з якім у свой час разам працавалі ў Брагінскай школе і які зараз працягвае педагагічную дзейнасць за межамі Беларусі, атрымаў нагрудны знак “Ганаровы работнік выхавання і асветы Расійскай Федэрацыі”. Шчыра парадавалася за яго і падзялілася гэтай прыемнай навіной з намі.

Душэўнай суразмоўцай, надзейнай памочніцай, апорай і падтрымкай уваходзіць Кацярына Міхайлаўна ў дамы і кватэры яшчэ васьмі жыхароў Брагіна, якім патрэбны асаблівы клопат. Дорыць ім цеплыню свайго сэрца, дапамагае справіцца з цяжкасцямі, выратоўвае ад тугі. За гады сваёй работы з пажылымі людзьмі, сярод якіх ёсць і інваліды, упэўнілася: злоба, гнеў, раздражнёнасць ці нейкія іншыя дрэнныя якасці ў чалавеку – ад адзіноты, душэўнай пустаты. Таму і імкнецца напоўніць жыццё сваіх старэйшых землякоў пазітывам, усяліць упэўненасць, што ў сваіх праблемах яны не адны.

Вядома, у кожнага з іх – свой характар, побытавы ўклад, свае адносіны да тых ці іншых праяў паўсядзённасці. Але павагу выклікае ўжо тое, што яны з’яўляюцца для нас прыкладам мудрасці, сумленнасці, самаадданай працы і патрыятызму. У свой час многім давялося сутыкнуцца з пеклам Вялікай Айчыннай, аднаўляць разбураныя населеныя пункты ў пасляваенны перыяд, працаваць “за палачкі” ў калгасах, дапамагаць у цяжкіх работах бацькам… Кацярына Міхайлаўна добра ведае, які няпросты жыццёвы шлях у старэйшага пакалення, і шчыра прызнаецца, што многаму вучыцца ў такіх людзей сама. Напрыклад, быць больш цярплівай, спагадлівай, уважлівай да іншых. Яна спяшаецца амаль штодня ім на выручку і заўсёды прыносіць з сабой усмешку – ужо ад гэтага становіцца радасней, святлее на душы. А што найбольш чалавеку, які жыве адзін, патрэбна? Цёплыя адносіны, прыветлівае слова і агеньчык дабрыні.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *