Батлеечную пастаноўку “Цар Ірад” паглядзелі выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку

Грамадства

Завяршаюцца калядныя святы, якія былі прысвечаны адной з галоўных падзей для кожнага хрысціяніна – Нараджэнню Ісуса Хрыста. Здаўна ў гэтыя дні было прынята наведваць богаслужэнні, дапамагаць тым, хто мае патрэбу, ну і, вядома ж, не забываць аб падарунках для дзяцей.

Менавіта таму старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Надзея Мялешка вырашыла не проста павіншаваць выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку са святамі, а распавесці ім цікавую біблейскую гісторыю. Надзея Іванаўна прапанавала ўвазе маленькіх гледачоў батлеечную пастаноўку “Цар Ірад” – якраз актуальную для гэтай пары.

У сюжэце прадстаўлення ляжаць падзеі нараджэння Ісуса Хрыста. Як мы памятаем з Евангелля, гэтая навіна вельмі хутка разляцелася па Віфлееме. А вешчуны, што праходзілі міма, даведаліся аб месцы, дзе нарадзіўся збавіцель, дзякуючы новай яркай зорцы, што з’явілася на небе.

Правіцель Іўдзеі Ірад, калі пачуў аб новым цары, загадаў забіць усіх немаўлят да двух гадоў, бо не хацеў аддаваць нікому сваю ўладу. Але пасля гэтага яму самому заставалася жыць нядоўга. Надзея Іванаўна ўпэўнена, што спектакль знаёміць дзяцей з сапраўднымі чалавечымі каштоўнасцямі, вучыць распазнаваць дабро і зло.

Пасля прадстаўлення хлопчыкі зазірнулі ў батлеечную скрыню, з цікавасцю разглядалі лялек і нават паспрабавалі сябе ў ролі акцёраў гэтага незвычайнага тэатра.

У рамках акцыі “Прафсаюзы – дзецям” выхаванцы прытулку атрымалі салодкія падарункі.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *