Прафесія – выратавальнік

Главное Грамадства

Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Віктар Вароненка.

На шчасце, у нашым паўсядзённым жыцці надзвычайныя сітуацыі здараюцца не так часта. Але ніхто не ведае, што ў чарговую хвіліну можа парушыць спакой, таму выратавальнікі павінны быць заўсёды напагатове. І першымі спяшацца на выручку, калі недзе запалыхаў агонь, неабходна дапамога чалавеку, які трапіў у аўтааварыю ці праваліўся пад лёд, пацярпеў ад прыроднай стыхіі… Такая работа – для моцных духам і фізічна вынослівых, здольных без прамаруджвання пераходзіць да рашучых дзеянняў і рабіць усё магчымае, каб ліквідаваць ці прадухіліць бедствы, захаваць жыцці людзей.

Нагадаць і папярэдзіць

У нашым раёне, як вядома, надзвычайныя сітуацыі часцей за ўсё выклікаюць пажары. Таму ў Брагінскім РАНС вялікую ўвагу надаюць мерапрыемствам, накіраваным на папярэджанне вогненных здарэнняў і прапаганду бяспечнай жыццядзейнасці. Лепш лішні раз растлумачыць, нагадаць, падказаць, чым потым пажынаць плады чалавечай нядбаласці, бестурботнасці ці недасведчанасці. Толькі ў мінулым годзе работнікі аддзела правялі 84 сельскія сходы, 519 сустрэч з працоўнымі калектывамі, 54 разы выступілі перад бацькамі, абследавалі больш за 3300 дамоў і кватэр грамадзян.

Па выкліку

У параўнанні з 2018 годам колькасць пажараў на тэрыторыі нашага раёна павялічылася: з 10 да 18. Але гібелі лю-дзей, на шчасце, не дапушчана (у 2018-м агонь забраў жыццё чалавека). У сямі выпадках узгаранні былі выкліканы неасцярожным абыходжаннем з агнём, у пяці – парушэннем правілаў устройства і эксплуатацыі пячнога ацяплення і ў столькі ж – падпаламі. Яшчэ да аднаго вогненнага здарэння прывёў аварыйны рэжым работы электраабсталявання.
Пік узгаранняў, як прыкмячаюць выратавальнікі, прыпадае на перыяд, калі людзі пачынаюць пазбаўляцца ад сухой расліннасці на сваіх участках, і на сезон халадоў – павялічваецца рызыка так званых пячных пажараў. У асноўным яны здараюцца ў дамах адзінокіх грамадзян і асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.
Апрача барацьбы з агнём, работнікам аддзела давялося спяшацца на дапамогу пацярпеламу ў аўтааварыі, удзельнічаць у знішчэнні гнёзд джаланосных насякомых – за год па трывожных выкліках здзейснена 252 выезды.

Як адсвяткавалі?

Яшчэ, здаецца, якіх тры-чатыры тыдні назад усе мы былі ахоплены традыцыйнымі клопатамі: упрыгожыць ёлку, купіць падарункі, накрыць стол… А ў выратавальнікаў гэты перыяд не менш адказны і напружаны. З набліжэннем навагодніх святаў яны перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Каб узмацніць прафілактычную работу, па асобным графіку працавалі і наглядальныя камісіі. Самая пільная ўвага ўдзялялась мерам бяспекі ў месцах усталявання ёлак. У час святочных мерапрыемстваў на кожным аб’екце з масавым знаходжаннем людзей было арганізавана дзяжурства. Але навагоднія ўрачыстасці ў раёне прайшлі не зусім спакойна: 31 снежня ў выніку неасцярожнасці пры запуску салюта траўміраваны мужчына. Інцыдэнт здарыўся ў Хракавічах.

У прыярытэце

Што застанецца прыярытэтным у дзейнасці ў новым годзе? Як паведамілі ў аддзеле, работа з акцэнтам на прафілактыку. Асноўныя намаганні ў гэтыя дні выратавальнікі па-ранейшаму накіроўваюць на павышэнне ўзроўню і культуры бяспечнай жыццядзейнасці. Важна не дапусціць няшчасных здарэнняў на вадаёмах, не пакінуць без увагі праблемы, якія могуць прывесці да пажараў пры ацяпленні дамоў. У зоне пільнага кантролю знаходзяцца сем’і з дзецьмі, інваліды, адзінокія пажылыя грамадзяне, асобы, якія водзяць сяброўства з алкаголем. Працягваецца работа з падрастаючым пакаленнем: асновы бяспечных паводзін павінны закладвацца з ранняга ўзросту. Як і разуменне таго, наколькі важна ў жыцці быць асцярожным, уважлівым і прадбачлівым, ведаць, што рабіць у непрадказальнай сітуацыі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *