У шчодры вечар камарынцам жадалі моцнага здароўя і дабрабыту

Год малой родины Общество

Такім гасцям у доме Антаніны Стоцкай заўсёды рады.

У гэтыя святочныя дні міжволі ўсплывае ў памяці шчодры вечар (так нашы продкі называлі 13 студзеня) у Карлаўцы. Загадчык клуба Васіль Шары (на вялікі жаль, яго няма ўжо сярод нас) з жонкай Марыяй Уладзіміраўнай і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці праводзілі абрад ваджэння Казы. У яркім тэатралізаваным дзействе прысутнічалі Механоша, Цыган, касалапы Мішка, а таксама іншыя персанажы народнага спектакля. Галоўным атрыбутам была, вядома, калядная зорка. Як толькі пачынала змяркацца, яны накіроўваліся віншаваць землякоў з Новым годам і Ражаством, жадалі гаспадарам моцнага здароўя, дабрабыту, добрага ўраджаю, бо “…дзе Каза нагой, там жыта сцяной…”

Таямнічасць і казачнасць таго незвычайнага вечара не забыць… Лёгкі марозчык, снег. Высокія сосны хваёвага бору, што акружаў вёску, стаялі нерухома ў прадчуванні цуда, а навокал панавала неймаверная цішыня. Прырода застыла на нейкі момант, быццам раздзяляла з людзьмі іх радасць і настрой. Месячык, што з’явіўся на небе, дапаўняў малюнак гэтай ідыліі і Божай літасці да нас, людзей. Такое бывае толькі на Святкі.

Калядныя традыцыі не забыты. Іх працягвае мастацкі кіраўнік ансамбля “Камарынская весялуха” Святлана Баланда. Яна арганізавала і правяла абрадавае свята ў Камарыне напярэдадні Новага года па старым стылі. Як паведаміла нам пастаянная падпісчыца Тамара Салаўёва, разам са сваімі памочнікамі ў шчодры вечар Святлана Мікалаеўна абышла двары жыхароў пасёлка з песнямі, танцамі, найлепшымі пажаданнямі. Ад такой увагі адразу паляпшаўся настрой, цяплела на сэрцы, з’явілася прадчуванне таго, што ўсё ў 2020-м будзе добра. Многія ўзгадалі сваё дзяцінства, гады маладосці, калі гэтак жа весела, з азартам сустракалі Каляды.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *