Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Козел адзначыў 95-годдзе з дня нараджэння

Год малой родины Грамадства

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Козел, ураджэнец вёскі Гдзень, на мінулым тыдні прымаў віншаванні з днём нараджэння. 1 студзеня гэтаму паважанаму чалавеку споўнілася 95 гадоў.

Такі юбілей – вельмі важная і значная падзея як для самога імянінніка, так і для тых, хто яго акружае. Сёння Андрэй Васільевіч пражывае ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, таму і святочную дату ён адзначаў у цёплым асяроддзі вялікай сям’і.

Павіншаваць ветэрана з днём нараджэння прыехалі дырэктар Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Пархамец, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Дар’я Сніцарэнка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка.

Сяргей Міхайлавіч адзначыў, што жыццёвы шлях юбіляра – яскравы прыклад любові да Радзімы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён не шкадаваў сіл і жыцця дзеля Перамогі, а ў мірны час унёс вялікі ўклад у адраджэнне і развіццё роднага краю. Нагадаем: Андрэй Козел нарадзіўся 1 студзеня 1925 года ў вёсцы Гдзень. На службу ў Чырвоную Армію быў прызваны ў лістападзе 1943-га. Удзельнічаў у наступальных аперацыях у складзе 299-га гвардзейскага сапёрнага палка на трэцім Украінскім фронце. Падчас баёў каля возера Балатон у Венгрыі атрымаў раненне. Узнагаро-джаны медалём “За баявыя заслугі” і ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

У адрас імянінніка прагучала шмат цёплых і шчырых слоў падзякі і пажаданняў здароўя і даўгалецця. Госці ўручылі Андрэю Васільевічу падарункі, у тым ліку і ад ААТ “Камарынскі”.

Прыемным момантам не толькі для юбіляра, але і для ўсіх пастаяльцаў аддзялення стала канцэртная праграма артыстаў раённага дома культуры. У іх рэпертуары было шмат вядомых твораў, таму многія з прысутных у зале падпявалі.

Уважлівае стаўленне да людзей, якія прайшлі дарогамі вайны, адстаялі свабоду і незалежнасць роднай зямлі, мае вялікае значэнне для сённяшняга пакалення. І такія сустрэчы – знак велізарнай удзячнасці за гераізм і мужнасць ветэранаў, іх непасільную працу і самаадданасць.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *