Храмы ўсенароднай памяці

Беларусь памятае

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі. У іх засяроджана і манументальна захавалася сама гісторыя роднага краю. У іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асабліва мяне ўражваюць залы, пакоі, экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай. Тут можна ўбачыць бясцэнныя рарытэты, пазнаёміцца з ваеннымі хронікамі гарадоў, пасёлкаў і вёсачак Беларусі. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызан і падпольшчыкаў, вязняў лагераў і мірных жыхароў… Перад наведвальнікамі паўстаюць як асабістыя драмы, так і трагедыя ўсяго народа.Я раю кожнаму, хто падарожнічае па Беларусі, наведваць ваенныя музеі, прыводзіць у іх сваіх дзяцей і ўнукаў. Нам ні на хвіліну нельга забываць, што ў тыя страшныя гады краіна страціла кожнага трэцяга жыхара – загінула каля трох мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы “Трасцянец”– адзін з буйнейшых пасля “Асвенціма”, “Майданака”, “Трэблінкі”… І бывае часам горка ад таго, што моладзь абыходзіць бокам гэтыя святыя мясціны, нават не ведае пра іх існаванне.

Віцебск

У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. Ён быў адкрыты 5 ліпеня 1969-га, у дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут можна даведацца пра дзіцячыя і юнацкія гады Шмырова, яго працоўную і грамадскую дзейнасць у даваенны перыяд, арганізацыю партызанскага руху на тэрыторыі былога Суражскага раёна ў Вялікую Айчыннную. У музеі ёсць матэрыялы пра ўзаемадзеянне партызан і лётчыкаў 105-га асобнага гвар-дзейскага ордэна Аляксандра Неўскага Панявежскага авіяпалка, пра вызваленне Віцебска (26.06.1944 г.) у выніку аперацыі “Баграціён” (23.06–29.08.1944 г.) і завяршэнне вайны.

Працягам экспазіцыі з’яўляецца мемарыяльны парк, размешчаны побач з будынкам музея. Тут устаноўлены бюст Шмырова, макет “Рэйкавая вайна”, гарматы, пабудаваны партызанскія зямлянкі.

Гомель

Нядаўна я пабываў у Гомельскім музеі ваеннай славы, які быў створаны 16 лютага 2004 г. Экспанаты раздзела “Вялікая Айчынная вайна” расказваюць нам пра суровыя саракавыя: мабілізацыю, эвакуацыю, пераход прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі, фарміраванне палка народнага апалчэння, контрнаступленне войск 21-й арміі, абарону Гомельшчыны, акупацыйны рэжым і інш. У музеі пастаянна арганізуюцца зменныя выставы, чытаюцца лекцыі з паказам кінахронікі, праводзяцца патрыятычныя акцыі, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары. Гэта значны цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання і навукова-даследчай працы па вывучэнні ваеннай гісторыі Гомельшчыны.

Лоеў

Завіталі мы з сябрамі і ў Музей бітвы за Днепр, што быў адкрыты ў Лоеве ў гонар 40-годдзя Перамогі. Фонд налічвае звыш чатырох тысяч экспанатаў. Тут мы даведваемся пра фарсіраванне Дняпра на Гомельшчыне, што паклала пачатак вызваленню Беларусі, пра партызанскі рух. 23 верасня 1943 года часці 13-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Мікалая Пухава вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі – Камарын. 27 верасня войскі 61-й арміі генерал-лейтэнанта Паўла Бялова фарсіравалі Днепр на ўчастку Глушэц–Дзяражычы, паклаўшы тым самым пачатак вызваленню Лоеўскага раёна. А 15 кастрычніка 1943-га войскі 65-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Паўла Батава фарсіравалі Днепр на ўчастку Лоеў–Радуль і вызвалілі Лоеў. Небывалую адвагу праявіў дэсантны батальён пад камандаваннем маёра Уладзіміра Несцерава: 22 байцы адзначаны залатой зоркай Героя.

Цікавасць выклікае калекцыя зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны. На беразе Дняпра прадстаўлена баявая тэхніка. На Алеі Герояў – памятныя знакі ў гонар ураджэнцаў Лоеўшчыны, удастоеных высокага звання Героя Савецкага Саюза.

Брэст

Мне пашчасціла тройчы наведаць Музей абароны Брэсцкай крэпасці, які быў адкрыты 8 лістапада 1956 г. у частцы абароннай казармы, што захавалася на цэнтральным умацаванні крэпасці – цытадэлі. Тут ёсць унікальныя прадметы, знойдзеныя ў час раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці (больш за 60 тыс.). І ў ХХІ ст. мы не можам не ганарыцца гераізмам воінаў Брэсцкага гарнізона. А Герой Савецкага Саюза Дзмітрый Карбышаў удзельнічаў у будаўніцтве партоў крэпасці ў 1911–1914 гг.
Уражвае будзільнік, што быў знойдзены ў час раскопак на Цярэспальскім умацаванні крэпасці ў 1956 г. Яго стрэлкі замерлі ў чатыры гадзіны (без некалькіх мінут), быццам зафіксаваўшы пачатак вайны. Тут мы бачым партрэты камандуючага 4-й арміяй генерал-маёра Аляксандра Карабкова і камандуючага Заходнім фронтам генерала арміі Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Паўлава. Галоўнае ў экспазіцыі – гераічная абарона Брэсцкай крэпасці: баі на Цярэспальскім і Валынскім умацаваннях, абарона Кобрынскага ўмацавання.

Цікавасць выклікае факт, што ў 1949 г. салдаты разбіралі завалы ў Цярэспальскіх варотах і знайшлі астанкі 15 воінаў. У кішэні гімнасцёркі быў камсамольскі білет, па якім даведаліся, што загінуў лейтэнант Аляксей Наганаў. Па чырвонаармейскай кніжцы апазнаны радавы Іван Гарохаў. У лістападзе 1950-га, у час разборкі завалаў казармы каля Брэсцкіх варот, знойдзены астанкі 34 воінаў, а ў планшэце невядомага камандзіра – загад №1, складзены на трэці дзень вайны. Побач з целам радавога Фёдара Ісаева, пісара штаба 84-га стралковага палка, знаходзіўся шэфскі сцяг палка. У 1952 г. у казарме ў раёне Беластоцкіх варот знялі частку сцяны з надпісам: “Я умираю, но не сдаюсь. Прощай, Родина. 20.VII.41 г.”

Прыкоўваюць увагу іншыя экспанаты: сцяг 393-га асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна, схаваны абаронцамі крэпасці ў час штурму Усходняга форта (знайшоў яго 27 верасня 1956 г. адзін з іх – былы сяржант Р. Семянюк); надпіс на цаглінах “Паміраем не здрадзіўшы”, знойдзены ў падвале Белага палаца ў кастрычніку 1958 г.; 5 медальёнаў загінуўшых воінаў – радавых Васіля Курганава, Мікалая Фралова, Канстанціна Гілева, Хасана Салгярэева, Меера Элькіна.
У музеі вам абавязкова раскажуць і пра чалавека, які адкрыў для шырокай грамадскасці герояў крэпасці. Гэта пісьменнік Сяргей Смірноў. У жніўні 1954 г. ён упершыню пасля вайны прыехаў у Брэст з некалькімі абаронцамі крэпасці. Ён напісаў нарыс “Крэпасць над Бугам”, шэраг артыкулаў аб воінах цытадэлі. У 1956 г. выходзяць асобнымі кнігамі “Крэпасць на граніцы” і “Крэпасць над Бугам”. З лета 1956 г. пачаліся яго выступленні на Усесаюзным радыё, галоўнай мэтай якіх быў пошук герояў. У 1964 г. Смірноў скончыў работу над рукапісам кнігі “Брэсцкая крэпасць”.

Мінск

У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Яшчэ ў лістападзе 1942-га ў ваеннай Маскве разгарнулася экспазіцыя пад назвай “Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”. Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск. У разбуранай і разрабаванай сталіцы музей атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада і ўжо 22 кастрычніка 1944-га адкрыўся для наведвальнікаў. У 1966 годзе пераехаў у спецыяльна ўзведзены будынак на цэнтральнай плошчы Мінска (цяпер Кастрычніцкай). У 1977-м побач з музеем пачала работу ўнікальная экспазіцыя ваеннай тэхнікі і ўзбраення пад адкрытым небам.

Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў планеты, адзін з самых важных нацыянальных цэнтраў патрыятычнага выхавання. Ён размешчаны каля абеліска “Мінск – горад-герой”. Сама 45-метровая стэла была адкрыта да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Плошчу Герояў упрыгожвае фантан з 170 струменяў, якія прысвечаны населеным пунктам Беларусі, вызваленым савецкімі войскамі. Музей са стэлай складае адзіны функцыянальны і архітэктурны ансамбль. Новы будынак быў адкрыты 2 ліпеня 2014 года, напярэдадні Дня Незалежнасці, што стала своеасаблівым прысвячэннем 70-годдзю вызвалення Беларусі.
Адметна, што ён складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Галоўны фасад створаны ў выглядзе пераможнага салюту. 11 промняў з нержавеючай сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска. У музеі – каля 150 тысяч рарытэтаў. Залы размяшчаюцца паводле храналогіі ваенных дзеянняў, аднак іх аб’ядноўвае адна вялікая зала пад назвай “Дарога вайны”.
Давайце разам падарожнічаць па ваенных музеях Бацькаўшчыны!

Канстанцін КАРНЯЛЮК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *