Зімовыя святы ў нашых продкаў уяўлялі сабой адзіны цыкл

Грамадства

Загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна расказала, як у даўніну адзначалі Новы год.

“Ёлка на навагоднія і калядныя святы ў вясковых дамах з’явілася вельмі позна – толькі ў мінулым стагоддзі. Крыху раней яе пачалі ставіць у гарадах. Гэта традыцыя прыйшла да нас з Германіі, – сказала Таццяна Валодзіна. – У Беларусі быў свой асаблівы калядны сімвал – саламяны павук. Гэта складанае ўпрыгажэнне цяпер часта можна бачыць у музеях. Асноўная частка выявы – 12 саломінак. Гэта прыгожая канструкцыя сімвалізуе стварэнне новага свету, нараджэнне новага сонца”.

Зімовыя святы ў нашых продкаў уяўлялі сабой адзіны цыкл. У традыцыйных калядных святкаваннях вылучаліся тры ключавыя моманты – Каляды, Новы год і Вадохрышча. Ім адпавядала сімволіка рытуальнай стравы – куцці. Посную куццю можна было ўбачыць на стале на Каляды і Вадохрышча, а скаромную (шчодрую, багатую) – на Новы год. Куцця сімвалізавала добры ўраджай, дабрабыт, багацце ў новым годзе. Яе гатавалі і для таго, каб уся сям’я была побач, як крупінкі – адна да адной.

“На Каляды быў стрыманы, посны святочны стол, прынцыпова без алкаголю. У некаторых рэгіёнах ставілі 12 страў – па колькасці месяцаў у годзе, у іншай мясцовасці гэта правіла не было абавязковым. На Новы год быў “шчодры вечар” з мноствам мясных страў: і каўбасы, і скваркі, і верашчакі (варыянт мачанкі, гарачы соус-суп на мясным або мяса-грыбным булёне, асновай якога звычайна былі свіныя рэбры, свойская свіная каўбаса. – Заўвага БелТА). Былі і бліны, і спіртное. Па дварах хадзілі калядоўшчыкі, якіх таксама частавалі стравамі са святочнага стала”, – адзначыла вучоны.

На святы ў даўніну апраналіся прыгожа, але не было прыкмет і забабонаў адносна колеру і фасону адзення. Вучоныя лічаць гэта адметнай рысай сучаснай культуры.

“Традыцыі датычыліся толькі масак калядоўшчыкаў. Тут было абсалютнае раздолле, своеасаблівы карнавал. Асноўным персанажам была каза як сімвал урадлівасці. Былі і маскі мядзведзя, каня, бусла, які сімвалізаваў нараджэнне дзяцей”, – расказала Таццяна Валодзіна.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *