Бацькамі застацца

Главное Позиция Валентины Бельченко

Па доўгай і бурлівай рацэ жыцця, пад ветразямі светлых мараў і шчаслівых надзей плыве лодка дзяцінства. І вяслуюць на ёй бацькі. Пад іх апекай, прыглядам, промнямі любові і дабрыні малым утульна, радасна і спакойна. Ды так, на жаль, назіраецца далёка не ва ўсіх сем’ях. Многія лодкі раскачваюць халодныя хвалі п’янства, абыякавасці, маральнага падзення дарослых. Але кожнаму даецца шанц выбрацца на выратавальны бераг.

Каб абараніць правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, за спакой і лад у сем’ях змагаюцца і дзяржаўныя структуры, і грамадскасць – разгортваецца работа ў рамках Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18. Механізм яго рэалізацыі наладжаны. Але абудзіць бацькоўскае сумленне, вырваць дарослых з п’янага палону, які найчасцей і з’яўляецца прычынай змяшчэння іх сыноў і дачок на дзяржаўнае забеспячэнне, не так проста. Як і цалкам пазбавіцца ад перашкод у барацьбе з праблемай сацыяльнага сіроцтва. Зразумела адно: асобам са статусам “абавязаныя” спуску не будзе. Можна абурацца, гневацца ці заставацца скептыкамі, але жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго не атрымаецца.

Ад работы не схавацца

Па даных каардынацыйнага савета па выкананні дэкрэта, зараз у нашым раёне налічваецца 37 абавязаных асоб. Лічба, згадзіцеся, не такая і вялікая, таму кожны знаходзіцца ў полі зроку, пад пільным наглядам. Тут не схаваешся ў натоўпе, як недзе ў мнагалюдным горадзе. Але гаварыць аб адсутнасці праблем у рабоце з даным кантынгентам пакуль не даводзіцца. Адна з іх – значная запазычанасць перад дзяржавай. Працэнт спагнання з гора-бацькоў затрат на ўтрыманне іх сыноў і дачок застаецца ніжэйшы за сярэднеабласны. Прычыны? Па-першае, амаль у паловы з такіх асоб на дзяржаўным забеспячэнні – па двое і больш дзяцей. І да таго ж многія бацькі – адзінокія, у іх няма салідарнага адказчыка. Адпаведна, сумы патрэбна вяртаць немаленькія. Па-другое, ёсць сярод абавязаных грамадзяне, якія адбываюць назначанае судом пакаранне ў следчым ізалятары: чалавек не працуе, а запазычанасць расце. Адна асоба знаходзіцца ў вышуку.

Не знікае і яшчэ адна праблема – прагулы. Прычым у асобных выпадках аператыўна прымаць меры і ўплываць на сітуацыю перашкаджае слабая ўзаемасувязь найма-льнікаў з аддзелам унутраных спраў і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Часам не выконваецца ўвесь алгарытм дзеянняў, калі нехта з гора-бацькоў адсутнічае на рабоце. Хаця рычагоў уздзеяння на нядбайных сёння дастаткова: ад прыводу на месца працы і прымусовага лячэння ад алкагалізму да прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і адпрацоўкі прагулаў у выхадныя і святочныя дні. Значыць, дзейнічаць патрэбна больш актыўна і скаардынавана.

Выкарыстаць усе рэзервы

Зразумела, што цяжка забяспечыць стопрацэнтнае спагнанне сродкаў з лю-дзей, якія злоўжываюць спіртным. Але перад адказнымі службамі ставіцца задача выкарыстоўваць усе рэзервы, сродкі і магчымасці, каб гэты працэнт павышаць. Напрыклад, у мінулым годзе дзякуючы сумеснай прафілактычнай рабоце камісіі па справах непаўналетніх, Брагінскай ЦРБ і наймальнікаў чатыры чалавекі пралячыліся ад алкагольнай залежнасці. Адзін прайшоў перападрыхтоўку па спецыяльнасці “слесар па рамонце аўтакрана”, што дазволіла павялічыць яму аб’ём работы. Дзвюм жанчынам, якія працуюць аператарамі машыннага даення, даверана большая колькасць пагалоўя. І столькім жа асобам зменшаны штомесячныя налічэнні па ўважлівай прычыне. У КЖУП “Брагінскае” практыкуецца работа ў выхадныя дні і звышурочная, а таксама прадугледжана даплата за пашыраную зону абслугоўвання.

Чатыры чалавекі, дарэчы, за мінулы год цалкам разлічыліся з запазычанасцю. Ёсць надзея, што адна асоба адновіцца ў бацькоўскіх правах. Статус абавязаных, вядома, не пажыццёвы. Але каб развітацца з ім, апрача міжведамаснага ўзаемадзеяння, патрэбна шчырае жаданне саміх гора-бацькоў змяніць сваё жыццё, выправіць сітуацыю.

Калі жыццё – пад адхон

Часам, азіраючыся назад, прыгадваю: колькі было абурэнняў з боку і наймальнікаў, і звычайных грамадзян, калі прэзідэнцкі дэкрэт толькі ўступіў у дзеянне. Чаму, маўляў, мы павінны цацкацца з такім кантынгентам, прымаць іх у калектывы, кантраляваць, вадзіць літаральна за руку на работу… Але само жыццё паказала: у барацьбе з праблемай сіроцтва пры жывых бацьках патрэбна маштабная сацыяльная тэрапія. У асобных індывідуумаў сямейны ачаг “патушаны” алкаголем, працаваць і клапаціцца пра сваіх дзяцей яны не жадаюць. І такі расклад іх цалкам задавальняе. А вось дзяржаву – не.

Калі ісці на палавінчатыя меры, выніку не будзе. Іншая справа – паставіць чалавека ў жорсткія рамкі, даць яму зразумець, чым абернецца перакладванне абавязкаў па гадаванні і выхаванні яго дзіцяці на дзяржаву.

Я, вядома, не буду гаварыць пра тых, хто ўжо апусціўся на самае дно і каго алкаголь прывёў да поўнай маральнай дэградацыі. Ёсць сярод нас людзі, якія збіліся з дарогі, і часам ім трэба толькі працягнуць руку… Яны гэтак жа калісьці любілі жыццё, бачылі яго фарбы, пачыналі свой дзень са звычайных клопатаў, ішлі на работу. Пакуль не трапілі ў палон зялёнага змея.

“Мамачка, забяры”

…У Марыны, якая ў другі раз выйшла замуж, падрастаў васьмігадовы сын ад першага шлюбу. А ў хуткім часе ў новаспечанай сям’і з’явілася на свет дачка. Было ўсё: жыллё, работа, радасць мацярынства. Але да гэтага паступова пачалі дадавацца вясёлыя застоллі. Спачатку – па святах, у асяроддзі сяброў. А потым і ўдваіх сямейная пара ўсё часцей стала напаўняць шклянкі. Лічылі, што невялікая доза алкаголю нічога кепскага не зробіць, а наадварот, палепшыць настрой, дапаможа забыць на некаторы час аб праблемах. Толькі ўкус гэтай змяі аказаўся мацнейшы за іх – маладых, прыгожых, працаздольных.

У дом, які некалі выдзеліла гаспадарка, усё часцей сталі наведвацца прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, спецыялісты аддзела адукацыі. Папярэджвалі, угаворвалі, спрабавалі ўсякімі метадамі паўплываць на гора-бацькоў, каб тыя звярнулі са згубнай дарогі. Але якое там?.. Марыне ўжо не было справы ні да дзяцей, ні да работы. Сэнс жыцця звузіўся да аднаго жадання – выпіць.

На момант, калі яе пазбавілі бацькоўскіх правоў, сын вучыўся ў каледжы. Апеку над ім аформіў дзядзька.

А дачка, у якой назіраліся праблемы са здароўем, была змешчана на дзяржаўнае забеспячэнне. З-за матэрыяльных праблем і безадказнасці, выкліканых прагай да алкаголю, Марына з мужам у дадатак засталіся без жылля. І ўсё ж… “Напэўна, мне патрэбна было прайсці гэты шлях, каб паспрабаваць горкі смак жыцця без дзяцей і зразумець сваю адказнасць перад імі, зірнуць на сітуацыю іншымі вачыма”, – разважае сёння мая гераіня, імя якой па этычных прычынах я змяніла.

У год, калі дзяцей забралі з сям’і, прэзідэнцкага дэкрэта яшчэ не было. Таму статус абавязанай асобы Марына атрымала пазней. І сёння яна лічыць, што дакумент гэты не проста быў патрэбны – ён своечасова гарантаваў ёй працоўнае месца і не зрабіў ізгоем грамадства. Ніхто з лю-дзей, якія па сваім службовым абавязку павінны былі абараняць правы дзяцей, не паглядзеў на яе з адценнем пагарды, не адмовіў у дапамозе.

Штуршком да выкарасквання з алкагольнай багны стала наведванне ў дзяржаўнай установе дачкі. Па прапанове, дарэчы, ужо амаль дарослага сына. Дастаткова было толькі пабываць там і пачуць слёзнае “мамачка, забяры”, каб канчаткова вызначыцца з выбарам, сказаць сабе: стоп! І накіраваць усе намагані на вяртанне права звацца маці.

Вялікая сіла любові

Першым быў кабінет намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольгі Ясінскай, якая растлумачыла жанчыне ўвесь парадак аднаўлення ў бацькоўскіх правах. А потым менавіта пры яе садзейнічанні пачала весціся работа па вырашэнні жыллёвай праблемы. Да гэтага часу Марына, вядома, прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці. І па сёння вядзе цвярозы лад жыцця, на які настройвае і мужа.

Невялікі і практычна закінуты дом, які выдзелілі тады сям’і, ужо зусім не тая непрыглядная хаціна, дзе не было ніякіх выгод. Усё бацькі, якія аднавіліся ў сваіх правах, прывялі ў належны стан уласнымі сіламі. А Марына сёння, дарэчы, не толькі шчаслівая маці, але і клапатлівая бабуля. “Усёй сваёй любоўю, якой некалі не дадала дзецям, хочацца ахінуць унукаў. А былое?.. Яго, вядома, не сцерці з памяці. Затое зараз я атрымліваю асалоду ад жыцця, радуюся ўсім яго светлым праявам. І, шчыра кажучы, не разумею тых, хто не выкарыстоўвае шанс вярнуць сваіх сыноў і дачок. Мае словы такім бацькам: няма больш дарагога і святога, чым дзеці. І няма большай сілы, чым сіла мацярынскай любові, якая дапамагае перанесці любыя выпрабаванні. Тым больш калі побач ёсць людзі, гатовыя падтрымаць і дапамагчы”.

Далёка не кожная з такіх асоб, ды яшчэ ў нашым нешматколькасным раёне, дзе амаль кожны на віду, адважыцца распавесці пра сваё змрочнае мінулае. Таму за згоду гаварыць аб гэтым адкрыта, без утойвання фактаў, да якіх у грамадстве нярэдка ставяцца з асуджэннем, Марыне патрэбна аддаць належнае. Яе жыццёвая гісторыя – адзін з яскравых прыкладаў таго, наколькі важна не застацца абыякавым да чалавека, які збіўся з правільнага шляху. І паспрабаваць зрабіць усё магчымае, каб вярнуць дзяцей у сям’ю. Не з п’янымі і чэрствымі душой, а з адказнымі, любячымі, клапатлівымі бацькамі.

Магчыма, менавіта крык дзіцячай душы падштурхне яшчэ не адну маці да актыўных дзеянняў, растопіць не адно скамянелае сэрца…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *