Калонка рэдактара. Пра час, прафесію і калектыў

Важное Колонка редактора с Галиной Шевченко Общество

З кожным новым днём яскравей усведамляеш свае памылкі ці недахопы, разумееш, як мала ты ўсё-такі ведаеш гэты вялікі свет і як шмат у ім яшчэ такога, што нават уявіць сабе цяжка. А тады, у 90-я мінулага стагоддзя, здавалася, што ведаеш усё. І самы разумны ты, і самы дасведчаны, і нават крышачку таленавіты… Наіўная маладосць. Я перагортваю старонкі тагачаснага “Маяка Палесся” з задавальненнем і без настальгіі, бо ўчарашні дзень для мяне яшчэ такі нядаўні. Перагортваю іх з крытычным падыходам – так, як буду праглядваць і гэты нумар гадоў праз дваццаць на пенсіі (калі Бог дасць здароўе і сілы). Шмат чаго змянілася за гэты час. Паліграфічнае афармленне, падыходы да вёрсткі адыгрываюць, безумоўна, значную ролю. Але ж змест, напаўненне выдання – на першым месцы і для чытача, і для калектыву раёнкі. Падыходы да асвятлення тых ці іншых тэм таксама змяняюцца, творча растуць супрацоўнікі. Прозвішчы Ніны Сінілавай, Валянціны Бельчанкі, Вольгі Паляшчук, Ірыны Стычынскай на слыху. Гэта аўтары з асабістым пунктам гледжання, з уласным меркаваннем.

Быць журналістам складана і ганарова. Не кожны зможа, не кожны стане. Адны і тыя ж тэмы з года ў год, з нумара ў нумар патрэбна па-рознаму падаваць і памятаць аб тым, што слова – гэта зброя. Важна не пакрыўдзіць, а паўплываць. Пры гэтым мы не маем права на паўторы, абыякавасць, неадукаванасць, недасведчанасць. Журналіст павінен быць кампетэнтны і адначасова не саромецца спытаць, настойлівы, але не нахабны, прынцыповы, але паважаючы іншыя пункты гледжання. Нюансаў у прафесіі шмат.

Мяне як галоўнага рэдактара радуе тое, што калектыў “Маяка Палесся” валодае ўсімі гэтымі якасцямі, развіваецца. Час не стаіць на месцы, і сёння “МП” не толькі газета, але і сайт, які карыстаецца папулярнасцю, групы ў сацыяльных сетках. Рэдакцыйная кухня складаная для пабочнага назіральніка. Паездка на раён, збор інфармацыі, апрацоўка, напісанне, макеты, вёрстка, вычытка, кеглі, інтэрліньяжы, падводкі, урэзкі, буквіцы… Могуць і баталіі разгарэцца з-за загалоўка або дыскусіі аб правільнасці напісання таго ці іншага слова. Чацвер – перадача нумара ў друк. І зноў усё спачатку.

Напярэдадні дня нараджэння газеты (19 лютага 1932 года) мы дзякуем нашым заснавальнікам: раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў за падтрымку і супрацоўніцтва.

Нельга не прыгадаць добрым словам супрацоўнікаў пошты і “Палесдруку” – на працягу гэтых гадоў мы разам.

І, вядома ж, мы ўдзячныя нашым падпісчыкам, тым, для каго працуем. Менавіта вы, нашы паважаныя чытачы, – галоўныя экзаменатары на працягу ўсяго творчага шляху “Маяка Палесся”. Дзякуй за тое, што вы з намі.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *