Школьнікам расказалі аб правілах бяспекі і прафесіі выратавальніка

Грамадства Служба МЧС информирует Школа бяспекі

У раённым доме культуры ў рамках акцыі “Бяспека – у кожны дом” прайшла сустрэча вучняў чацвёртых класаў Брагінскай школы з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віктарам Марчанкам. Мэта – навучыць дзяцей правільна паводзіць сябе пры пажары і нагадаць, што з запалкамі гуляць нельга.

Правілы бяспекі школьнікі ўспаміналі разам з метадыстам РДК Ірынай Чарняўскай, якая падрыхтавала тэматычныя слайды і відэаролікі.

Так, калі пажар невялікі, патушыць яго можна, накрыўшы шчыльнай тканінай ці коўдрай. Можна выліць ваду, але толькі калі не гараць электрычныя прыборы. Калі ж агонь не патух, патрэбна неадкладна пакінуць дом і патэлефанаваць выратавальнікам па нумары 101. Яшчэ адно правіла, якое неабходна ведаць як дзецям, так і дарослым: дым больш небяспечны, чым агонь, таму рухацца па кватэры да выхаду лепш, апусціўшыся ніжэй да падлогі (часцей людзі гінуць менавіта ад дыму).

Дзеці таксама даведаліся, для чаго патрэбен аўтаномны пажарны апавяшчальнік і як працуе вогнетушыцель. Але найбольш уразіла іх баявое адзенне выратавальніка, якое можна было нават прымераць.

Напрыканцы школьнікі задалі начальніку РАНС мноства пытанняў, і на кожнае атрымалі падрабязны адказ. Іх, напрыклад, цікавіла, якімі якасцямі павінен валодаць выратавальнік і дзе вучаць гэтай мужнай прафесіі. Па словах Віктара Уладзіміравіча, чалавеку, які хоча прысвяціць сябе такой справе, патрэбна быць вынослівым, моцным фізічна, ну і, вядома ж, добра вучыцца. Пасля шостага класа, дарэчы, можна прадоўжыць вучобу ў спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, што ў Гомелі. Тут на павышаным узроўні праводзіцца падрыхтоўка да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову МНС.

Пацікавіліся дзеці таксама, ці даводзілася Віктару Уладзіміравічу выратоўваць на пажары людзей. Выявілася, што так. Ён нават мае адпаведную ўзнагароду за гэты гераічны ўчынак.

Увазе вучняў была таксама прапанавана выстава наглядна-выяўленчай прадукцыі і вырабаў на пажарную тэматыку “Выратавальнікі – вачамі дзяцей”.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *