У ААТ “Чамярыскі” падвялі вынікі работы за мінулы год

Важное Сельское хозяйство

Свой справаздачны даклад аб рабоце калектыву сельгаспрадпрыемства за 2019 год дырэктар Адам Царанок пачаў з аналізу недахопаў. Прагнозны паказчык па тэмпах росту валавой прадукцыі выкананы на 82,7%, а раслінаводчай – на 62,3%. Знізілі валавы збор зерневых і зернебабовых разам з кукурузай на 2412 тон, або на 28,3%, недаатрымалі 1 млн 663 тысячы рублёў. Азімага рапсу не намалацілі ўвогуле (не перазімаваў), менш нарыхтавалі кармоў.

Лакаматывам, які выцягвае эканоміку гаспадаркі, з’яўляецца жывёлагадоўля. Вытворчасць прадукцыі ферм склала 102% (на 4 млн 770 тысяч). Летась надаілі 5045 тон малака (107,5% да ўзроўню 2018-га), у сярэднім ад кожнай каровы – па 5355 кг, што на 259 кг больш. Як падкрэсліў Адам Анісімавіч, за апошняе дзесяцігоддзе такія надоі атрыманы ўпершыню. Каб быць з малаком і мясам, сельгаспрадпрыемства нарошчвае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, вядзе ўзнаўленне статка. Праблем з размяшчэннем бычкоў і цялушак не існуе, бо ААТ шмат будуе гаспадарчым спосабам. Вытворчыя памяшканні не пустуюць. Для страўлівання вясной дойнаму статку пасеяна 110 га азімых. Чамярысцы плюсуюць па надоях і зараз, штодзень прадаюць па 9 тон малака. Заслуга ў гэтым, па словах кіраўніка гаспадаркі, галоўнага заатэхніка Аляксандра Малочкі.

Дырэктар расказаў прысутным аб фінансавых праблемах, недахопе сродкаў на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, кармавыя дабаўкі і інш. Паставіў перад калектывам канкрэтныя задачы на гэты год: павялічыць дойны статак да 1000 кароў (а ў перспектыве – і да 1500), атрымаць ад кожнай па 5438 кілаграмаў малака (рэльна выйсці і на 6000 кг), валавы надой давесці да 5128 тон. Намалаціць зерня разам з кукурузай 9495 тон (у вазе пасля дапрацоўкі).

Аляксандр Малочка, калі яму далі слова, акцэнтаваў увагу на валавой прывазе, якая пакуль у мінусе, захаванасці пагалоўя і якасці малака, збалансаваным кармленні. У тым, што “Чамярыскі” прадае невысокі працэнт сыравіны гатункам экстра, ёсць віна брыгадзіраў ферм і ветспецыялістаў.

Чым жыве прафсаюзная арганізацыя ААТ, якія пытанні разглядае на сваіх пасяджэннях, расказала старшыня прафкама Людміла Какалава. Яна праінфармавала аб рабоце з маладымі спецыялістамі, льготах для працаўнікоў гаспадаркі, матэрыяльных выплатах да юбілейных і памятных дат.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман Цеслянок спыніўся на зменах у абноўленым Працоўным кодэксе, тэхніцы бяспекі на вытворчасці, бытавых умовах для людзей, калектыўным дагаворы, які неабходна выконваць.

Валаўтвараючымі па вытворчасці прадукцыі і іх удзельнай вазе ў вытворчасці ў раёне з’яўляюцца тры гаспадаркі, у іх ліку і “Чамярыскі”. На яго долю прыпадае 16,4%, а ў аб’ёме жывёлагадоўчай займае 17,2%. Гэтыя даныя агучыла галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ала Гардзейчык. Яна пажадала вяскоўцам поспехаў у дасягненні намечанага.

На пытаннях добраўпарадкавання населеных пунктаў, зборы сродкаў па самаабкладанні завастрыла ўвагу прысутных старшыня Чамярыскага сельсавета Аксана Пеўнявец.
Лепшыя працаўнікі ААТ атрымалі лісты з падзякай і грашовыя прэміі.

Канцэртную праграму для вяскоўцаў падрыхтавалі работнікі раённага дома культуры.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 

Работнікам гаспадаркі, якія дасяглулі лепшых паказчыкаў у вытворчасці сельгаспрадукцыі, уручаны Ганаровыя граматы.

 

Завяршыўся сход канцэртнай праграмай ад артыстаў раённага дома культуры.

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *