Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь спаўняецца 26 гадоў

Грамадства

Сёлета Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь спаўняецца 26 гадоў. Наша маладая суверэнная дзяржава, народ будавалі па ёй сваё жыццё, палітыку і сацыяльна-эканамічную дзейнасць. Прыняцце гэтага важнага дакумента 15 сакавіка 1994-га стала паваротнай падзеяй у гісторыі краіны.

У прэамбуле гаворыцца: “Мы, народ Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з адказнасці за сённяшні дзень і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага грамадства і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, асноўваючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвекавую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя асновы народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэтую Канстытуцыю – Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь”.

Такім чынам наша краіна ўпэўнена замацавалася на палітычнай арэне як незалежная, суверэнная і самастойная дзяржава, якая аддае перавагу агульнапрызнаным нормам міжнароднага права. Вышэйшай каштоўнасцю прызнаны чалавек. Канстытуцыя выступае гарантам яго свабод і правоў: на жыццё, ахову здароўя, адукацыю, працу, адпачынак і г.д. А поруч з гэтым абавязвае кожнага выконваць законы і паважаць правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых грамадзян, нацыянальныя традыцыі, берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну.

Вядома, што ў сваім станаўленні і развіцці Асноўны Закон прайшоў складаныя і супярэчлівыя этапы. Першыя чатыры Канстытуцыі Беларусі (1919 г., 1927 г., 1937 г., 1978 г.) былі савецкай эпохі. А пятая (1994 г.) фактычна падвяла вынік працэсам фарміравання незалежнай беларускай дзяржавы на іншай сацыяльна-эканамічнай аснове. Яна ўвабрала ў сябе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі і азнаменавала новы этап у развіцці краіны. Дакумент засноўваецца на неад’емным праве народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай грамадскасці.

На канстытуцыйнай аснове пабудавана сістэмная работа, накіраваная на забеспячэнне росту дабрабыту грамадзян, стварэнне ўмоў для паляпшэння іх жыцця, задавальненне матэрыяльных і духоўных патрэб, аказанне садзейнічання развіццю іх эканамічнай актыўнасці.

Унутраная палітыка беларускай дзяржавы засноўваецца на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, абароненасці і салідарнасці. Ствараюцца ўмовы для самарэалізацыі працаздольных членаў грамадства, аказваецца дапамога маламаёмасным, інвалідам, пажылым людзям, дзецям.

Канстытуцыя ў нейкай ступені з’яўляецца адлюстраваннем менталітэту народа, люстэркам жыцця краіны, таму яна няспынна развіваецца разам з грамадствам. У 1996-м і 2004-м у яе былі ўнесены змяненні і дапаўненні. Сістэма законаў павінна пастаянна ўдасканальвацца, каб быць максімальна набліжанай да рэалій жыцця.

Калі паглядзець скрозь сухія юрыдычныя фармуліроўкі, то стане зразумела: Канстытуцыя – своеасаблівы дагавор паміж грамадзянамі і ўладай, які вытрымаў экзамен часам, даказаў сваю жыццёвую сілу, забяспечыў захаванне грамадзянскай згоды і міру. А дата ў яе гонар – гэта не толькі афіцыйнае свята, але і памятны дзень прыняцця дакумента, дзякуючы якому сёння мы з гонарам завём сябе беларусамі, можам удзельнічаць ва ўсіх палітычных, эканамічных і сацыяльных працэсах, што адбываюцца ў краіне.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *