Маршрут перасоўнага аддзялення паштовай сувязі пралягае больш чым праз 10 населеных пунктаў Брагіншчыны

Важное Грамадства

Наталля Карась: ад вёскі да вёскі – на калёсах.


У віхуры сучасных тэхналогій спачываць на лаўрах пошце не даводзіцца. Патрэбна быць больш дынамічнай, хуткай, мабільнай, пашыраць і паляпшаць варыянты сэрвісаў, удасканальваць формы работы. Іншымі словамі, ісці па шляху наватарства, развівацца разам з жыццём. Многія кліенты, напрыклад, за апошні час адчулі плюсы паслуг лінейкі «Камфорт», адпраўленняў «1 клас», «Паштовы кур’ер», EMS… Прычым карыстацца імі могуць жыхары не толькі гарадоў, але і вёсак, уключаючы маланаселеныя пункты. Туды, дзе няма стацыянарных аддзяленняў паштовай сувязі, прыязджаюць перасоўныя.

Для людзей – даступна і зручна. Не патрэбна ехаць за некалькі кіламетраў у іншы населены пункт, каб адправіць пасылку ці электронны грашовы перавод, унесці нейкія плацяжы. А для самой галіны такая форма работы павышае эфектыўнасць дзейнасці і мінімізуе затраты. Зразумела, што нават пры закрыцці нерэнтабельных стацыянарных устаноў людзі не павінны быць ушчэмлены ў правах карыстацца тымі ці іншымі паслугамі.

Маршрут перасоўнага аддзялення паштовай сувязі №4 Хойніцкага УПС, напрыклад, пралягае больш чым праз 10 населеных пунктаў нашага раёна. Яно абсталявана на базе аўтамабіля УАЗ і заязджае да пераважнай большасці сваіх кліентаў пяць раз у тыдзень. Выключэнне – Рытаў, Жылічы і Дабрагошча, куды блакітны фургон накіроўваецца толькі па серадах і пятніцах.

Начальнік аддзялення – Наталля Карась. Але па сутнасці яна яшчэ і аператар сувязі, і паштальён у адной асобе. У салоне аўтамабіля прадугледжана працоўнае месца, якое аснашчана камп’ютарам з арганізацыяй канала сувязі праз мабільнага аператара. Гэта дазваляе хутка перадаваць інфармацыю аб залічаных плацяжах. Ёсць і вітрына з паштовай прадукцыяй, таварамі паўсядзённага ўжытку. За рулём – вадзіцель Станіслаў Лаханскі.

Працоўны дзень гэтага экіпажа пачынаецца задоўга да васьмі гадзін. Яно і зразумела: да ад’езду патрэбна ўсё прадугледзець. Таму напярэдадні правяраецца спраўнасць машыны і абсталявання, падрыхтоўваюцца суправаджальныя дакументы, месца работы, загружаюцца тавары, пасылкі, перыёдыка… І – у дарогу. Шлях ляжыць зусім не блізкі. За дзень даводзіцца пракалясіць як мінімум 240 км. Вядома, з прыпынкамі. Колькі на іх і дарогу будзе патрачана часу, залежыць ад наяўнасці карэспандэнцыі, колькасці пенсій, плацяжоў і інш.

Мы сустрэліся з Наталляй Уладзіміраўнай у Просмычах, дзе яе ўжо чакалі мясцовыя вяскоўцы. Адны, як можна было прыкмеціць, называюць яе тут Наташкай – з цеплынёй і любоўю. Другія – Уладзіміраўнай – з павагай. Але ўсе аднолькава адзначалі добразычлівасць і шчырасць гэтай жанчыны. Падкрэслівалі сумленнасць і адказнасць вадзіцеля, які не менш за начальніка хвалюецца, каб выканаць усе просьбы людзей, задаволіць іх запыты і патрэбы. Многія, напрыклад, зараз актыўна назапашваюцца насеннем і саджанцамі праз інтэрнэт-магазіны.

Прыпынак у Просмычах. Паштовымі паслугамі мясцовыя жыхары задаволены.

Мясцовыя пенсіянеркі Любоў Цішунец і Святлана Вінічэнка, дарэчы, нашы пастаянныя чытачкі. Першая прыйшла да месца прыпынку аўтамабіля, каб аплаціць камунальныя паслугі, аформіць падпіску і здзейсніць патрэбныя пакупкі. Другая – каб таксама правесці пэўныя фінансавыя аперацыі і набыць нешта з прадуктаў. Па іх словах, дзейнасць пошты на калёсах заслугоўвае найвышэйшай адзнакі. У якасці аргументаў былі прыведзены шырокі спектр паслуг, заўсёды якасная і свежая прадукцыя, ветлівасць, увага і кампетэнтнасць работнікаў.

Шчыра кажучы, сваёй адкрытасцю, душэўнай цеплынёй, уменнем знаходзіць агульную мову з людзьмі Наталля Уладзіміраўна мяне падкупіла адразу ж. Нельга было не заўважыць, што за лічаныя месяцы сваёй работы на даным участку яна ўжо добра вывучыла інтарэсы і запыты сваіх кліентаў, прыкмеціла іх характары. І нават добра ведае, у якім доме пасяліліся радасць і шчасце, а ў які ўвайшло гора. Для вяскоўцаў сустрэча каля блакітнага УАЗа – гэта яшчэ магчымасць даведацца пра справы адзін у аднаго, падзяліцца навінамі, абмеркаваць набалелае.

Мяне, прызнацца, здзівіла, што ў маёй суразмоўцы вышэйшая… педагагічная адукацыя. Змяніць прафесію ў канцы дзевяностых маці з трыма дзецьмі прымусілі жыццёвыя абставіны – у сістэме электрасувязі плацілі больш. Таму больш за дзесяць гадоў прайшлі на пасадзе дыспетчара, а пасля аптымізацыі колькасці работнікаў набытыя навыкі дапамаглі ўладкавацца на пошту. Спачатку ў аддзяленні на калёсах яна абслугоўвала жыхароў Хойніцкага раёна. А з кастрычніка мінулага года маршрут пралягае праз вёскі Брагіншчыны. Для Наталлі Уладзіміраўны гэта новыя сустрэчы, знаёмствы, уражанні…

Магчыма, менавіта ўменне весці дыялог з людзьмі, акцэнтаваць увагу сельскіх жыхароў на перавазе таго ці іншага выдання, дапамаглі Наталлі Уладзіміраўне павялічыць колькасць падпісчыкаў на “Маяк Палесся” больш чым у два разы. І гэта, як яна зазначае, не мяжа. Рэзерв ёсць.

26 сакавіка, дарэчы, гэтая абаяльная і прыветлівая жанчына сустрэла сваё 55-годдзе. Так што ў яе кліентаў ёсць добрая нагода даслаць ёй віншаванні і чарговую падзяку за працу.

Няхай у вашым жыцці, паважаная Наталля Уладзіміраўна, будзе пабольш светлых эмоцый, прыемных навін і радасных дзён!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *