Напярэдадні 8 Сакавіка адбылася размова з старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянцінай Дзегцярэнкай

Главное Сельское хозяйство

Наша размова з Валянцінай Дзегцярэнкай адбылася напярэдадні светлага веснавога свята 8 Сакавіка. Да ўсяго гэта яшчэ і дзень нараджэння жанчыны. Усё жыццё Валянціны Рыгораўны звязана з сельскай гаспадаркай. Як неабыякавага і ініцыятыўнага чалавека, вопытнага эканаміста яе ў мінулым годзе выбралі старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК. Валянціна Рыгораўна прымала ўдзел у рабоце VII з’езда Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Мы пагутарылі з ёй аб прыярытэтных накірунках дзейнасці грамадскага фарміравання ў вырашэнні актуальных задач АПК краіны, павышэнні яго аўтарытэту.

– Валянціна Рыгораўна, летась самы буйны галіновы прафсаюз адзначыў 100-годдзе. Які асноўны лозунг вашай арганізацыі?

– “Любіць людзей, працаваць для людзей”. Мы аказваем дапамогу членам прафсаюза па розных пытаннях: абараняем іх правы, забяспечваем сацыяльныя гарантыі, клапоцімся аб здароўі, праводзім культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы з удзелам працаўнікоў галіны. Нядаўна зборная раёна прымала ўдзел у сумеснай спартакіядзе камітэта па сельскай гаспадарцы і Гомельскай абласной прафсаюзнай арганізацыі ў Новай Гуце. Наша каманда па ўсіх відах спаборніцтваў паказала нядрэнныя вынікі. А самае галоўнае – людзі атрымалі масу станоўчых эмоцый.

– Скажыце, ці з ахвотай уступаюць у прафсаюз работнікі сельгаспрадпрыемстваў зараз?

– Так, і для гэтага ёсць важкія аргументы: ахова працы і своечасовасць атрымання заробленага, выплаты да значных падзей і дат, паляпшэнне бытавых умоў на вытворчасці, бясплатныя кансультацыі і інш. На сёння прафсаюзная арганізацыя АПК – самая буйная ў раёне (1330 чалавек). З іх 115 – моладзь ва ўзросце да 31 года. Хачу звярнуць увагу і на такую лічбу: 110 маці – мнага-дзетныя.
Мы ўдзельнічаем у распрацоўцы калектыўных дагавораў на ўзроўні ААТ, сочым, як яны выконваюцца, ці ўсе палажэнні гэтага важнага дакумента знаходзяць адлюстраванне ў жыцці. Узровень сацыяльна-эканамічнай абароны (памер заработнай платы, магчымасці матэрыяльнага стымулявання) вызначаецца фінансавым становішчам ААТ. Найвышэйшая сярэднямесячная заработная плата – у “Камарынскім”. Яна склала 752 рублі за 2019 год і 738 – за студзень. Ёсць на каго раўняцца.

– Ці часта звяртаюцца да Вас па дапамогу і юрыдычную кансультацыю?

– Людзі не заўсёды ведаюць, што ім належыць па законе. У час сустрэч, выязных прыёмаў аказваем метадычныя і юрыдычныя кансультацыі па пытаннях, у якіх вяскоўцы не могуць разабрацца. Мяне асабіста прасілі расказаць, як налічваецца льготная пенсія аператарам машыннага даення, якая дапамога аказваецца чалавеку, які хварэе працяглы час (звыш 90 дзён), як выплачваюцца прэміяльныя і інш.

– На што могуць разлічваць маладыя спецыялісты, пажылыя, ветэраны працы?

– Прафсаюзы занепакоены праблемай кадраў у АПК і зацікаўлены ў тым, каб моладзь заставалася ў вёсцы. Падтрымку спецыялістам, якія прыехалі ў наш раён, аказваюць паўсямесна. Розныя выплаты і надбаўкі выдаюцца ўсім, каму яны належаць. Забяспечваюцца спецыялісты жыллём. Не забываюць кіраўнікі гаспадарак і пра ветэранаў працы. Тамара Кудан (ААТ “Брагінка”) на працягу года выдзяляе ім прадуктовыя наборы. Падстаў для гэтага ў календары шмат: прафесійныя святы, юбілеі, памятныя даты.
Практычна ва ўсіх ААТ былых членаў гаспадарак стараюцца забяспечыць дрывамі, сенам, аказаць дапамогу ў апрацоўцы прысядзібнага ўчастка.

– Як заахвочваеце лепшых працаўнікоў?

– Стараемся адзначыць за сумленную працу як мага большую колькасць лю-дзей: і тых, хто дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў, і тых, хто сумленна выконвае свае абавязкі, але пакуль яшчэ не дасягнуў прафесійнага майстэрства і прыкладае для гэтага шмат намаганняў. Падарункі і лісты з падзякай уручаем у рамках розных акцый, пры падвядзенні вынікаў работы на жніве, у час важных сельскагаспадарчых кампаній і інш. Заўсёды знойдзецца падстава сказаць чалавеку добрае слова, падзякаваць яму і пажадаць усяго найлепшага.

– На Вашу думку, роля прафсаюзаў будзе ўзрастаць?

– Я ў гэтым не сумняваюся. У Працоўны кодэкс унесены змены, заканадаўства пастаянна абнаўляецца. Будучыню нашай арганізацыі бачу ў практычных дзеяннях па ахове правоў работнікаў, справядлівасці, дапамозе і падтрымцы, кантролі ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі. Прафсаюзнаму руху ўласцівы традыцыі згуртаванасці, калектывізму і ўзаемадапамогі. Так было, ёсць і будзе. Наша сіла – у адзінстве, павазе да маральных каштоўнасцей чалавека.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *