Святлана Сяргеенка з Лубенікоў ніколі не пашкадавала, што звязала свой лёс з вёскай

Грамадства

Кожную вясну Святлана Сяргеенка, як і многія жанчыны, сустракае са светлымі пачуццямі, станоўчымі эмоцыямі і пазітыўным настроем. Радуецца абуджэнню прыроды, больш працяглым светлавым дням, сонейку, якое ўжо не толькі свеціць, але і грэе.

У такую пару, здаецца, найбольш глыбока адчуваеш еднасць з роднай зямлёй, якая прыдае сіл і энергіі, натхняе на стваральную працу. Хочацца хутчэй заняць сябе гаспадарчымі клопатамі на дварэ: прывесці ў належны стан навакольную тэрыторыю, падрыхтаваць глебу, пасадзіць агародніну, кветкі… Каб потым позірк прыкоўвала багацце расліннасці, буйства фарбаў, а на стол прасіліся сакавітыя плады, усё ўрадзіла на славу.

Відаць, менавіта цесная сувязь з зямлёй і любоў да жывапісных сельскіх мясцін з дабрадушнымі людзьмі, уменне жыць у гармоніі з прыродай уплываюць самым лепшым чынам на стан душы гэтай жанчыны. Разважлівая і ўдумлівая, з адказным падыходам да любой справы, яна ніколі не пашкадавала, што звязала свой лёс з вёскай. А мясцовыя жыхары з цягам часу прыкмецілі ў асобе Святланы Мікалаеўны надзейнага дарадчыка і памочніка, шчыра зацікаўленага ў агульным дабрабыце, чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Таму не адзін тэрмін падтрымліваюць яе кандыдатуру на выбарах: у ліку дэпутатаў Вуглоўскага сельскага Савета – больш чым дзесяць гадоў. Гэта абавязвае быць камунікабельнай, кампетэнтнай у шматлікіх пытаннях, адкрытай для людзей.

Як трапіла ўраджэнка Камарына ў Лубенікі? Спачатку, як прыгадала, быў выбар прафесіі, на які паўплывала сустрэча з тагачасным дырэктарам лясгаса Уладзімірам Пашынскім. Каб зацікавіць старшакласнікаў справай, да якой меў непасрэднае дачыненне, ён прыйшоў у школу з прапановай паступаць у Барысаўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча лясной гаспадаркі. І юная Святлана так і зрабіла.

Працоўную практыку давялося праходзіць у Лубяніцкім лясніцтве, дзе маладую асобу адразу ж падкупілі шчырасць і добразычлівасць работнікаў, цёплыя ўзаемаадносіны ў калектыве. Ды і мясцовае насельніцтва вызначалася сваёй сардэчнасцю, ветлівасцю і гасціннасцю – прынялі як сваю. Вось і вырашыла пасля вучобы тут застацца. Тым больш што маладая змена была якраз дарэчы – вызвалялася месца бухгалтара (папярэдніца Святланы Мікалаеўны збіралася на заслужаны адпачынак).

Больш чым 25-гадовы працоўны шлях у лясніцтве, прасторны дом, сям’я, паважаныя землякі і адказнасць перад імі – гэта тое, што трымае жанчыну на лубяніцкай зямлі. Яе асаблівы гонар – дзве дачкі, якія зараз набываюць вышэйшую адукацыю: Вольга – будучы інжынер-будаўнік, а Ірына вырашыла стаць настаўніцай. У сям’і Святлана Мікалаеўна заўсёды знаходзіць разуменне і падтрымку, таму і робіцца тут усё сумесна, у адзінстве думак і памкненняў. А ў дэпутацкай дзейнасці яна лічыць важным умець выслухаць людзей, дапамагчы ім знайсці шляхі вырашэння праблем, своечасова рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю. Клопаты, радасці і засмучэнні землякоў лічыць ужо асабістымі.

Няхай чарговая вясна парадуе не толькі Святлану Мікалаеўну, але і ўсіх жанчын толькі прыемнымі сустрэчамі, ласкавымі ўсмешкамі, добрымі пераменамі, а ў жыцці не будзе залішніх хваляванняў і трывог. Святочнага настрою, душэўнай раўнавагі, асабістага шчасця і любові!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *