ХVIII кубак па міні-футболе, прысвечаны дню заснавання беларускай міліцыі, прайшоў у Брагіне

Общество Спорт

У спартыўна-аздараўленчым цэнтры ДЮСШ прайшоў турнір на міні-футболе на кубак РАУС, прысвечаны Дню міліцыі. Спаборніцтвы праводзяцца сярод дзяцей  штогод напярэдадні прафесійнага свята вартавых правапарадку, які будзе адзначацца 4 сакавіка.

Сёлета ў турніры прынялі ўдзел пяць каманд, у тым ліку – каманда раённага аддзела ўнутраных спраў і каманда падлеткаў. Апошнія згулялі паміж сабой таварыскі матч.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Корхаў, які нагадаў, што турнір праводзіцца ў 18 раз. Футбалісты, якія ўдзельнічалі ў першых матчах, ужо дарослыя, некаторыя з іх працуюць у міліцыі. Магчыма, на выбар прафесіі ў нейкім сэнсе паўплывалі і гэтыя спаборніцтвы.

Спартыўнае сяброўства ДЮСШ з праваахоўнікамі пачалося ў далёкім 2003 годзе. І, па словах намесніка начальніка Брагінскага РАУС Сяргея Брыцько, яно будзе працягвацца. Мэта турніру – далучыць дзяцей да актыўнага адпачынку, заняць іх вольны час карыснымі і цікавымі мерапрыемствамі. Тым больш, што адзін з асноўных накірункаў работы міліцыі – прафілактыка правапарушэнняў.

Як заўсёды, турнір быў арганізаваны на высокім узроўні, а на футбольнай пляцоўцы разгарнуліся нежартоўныя баталіі – на перамогу былі настроены ўсе.

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання каманда-пераможца і прызёры турніру атрымалі дыпломы ДЮСШ і падарункі ад раённага аддзела ўнутраных спраў – футбольныя мячы, торты і сок.

Першае месца заняла каманда “Дынама”, другое – “Спарта”, трэцяе – “Палессе”.

Лепшым нападаючым турніру прызнаны Уладзіслаў Гаўрыленка, лепшым іграком – Аляксандр Хмелянок, лепшым варатаром – Даніла Казлоўскі, лепшым абаронцам – Дзяніс Пеўнявец.

Уладзіслаў Гаўрыленка
Аляксандр Хмелянок
Даніла Казлоўскі
Дзяніс Пеўнявец

Дыпломы ўдзельнікаў турніру ўручаны камандзе “Юнацтва” і камандзе Брагінскага РАУС (яны згулялі таварыскі матч).

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *