Пасеяць кукурузу да 9 мая

Важное Сельское хозяйство

Веснавы дзень год корміць. Так казалі ў народзе, разумеючы, што будучы ўраджай збожжавых, гародніны, кармоў для жывёлы (а іх павінна хапіць да наступнага года), закладваецца ў гэты час. Неабходна толькі дакладна арганізаваць работу на палях, рацыянальна распарадзіцца наяўнымі рэсурсамі.

У валаўтвараючай гаспадарцы, а ААТ “Малажынскі” адносіцца да іх ліку, зрабіць гэта няпроста. Тут найбольшыя пасяўныя плошчы, якія неабходна апрацаваць у тыя ж аптымальныя тэрміны, што і суседзям. Прырода ставіць усіх у аднолькавыя ўмовы. Слухаючы, як праводзіць нараду дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Пінжакоў (прыехалі мы туды ў 7 гадзін) і якія пытанні патрэбна вырашаць штодня, ловіш сябе на думцы, што справіцца з вялікім колам праблем і задач можна толькі з дапамогай дружнай каманды з ліку спецыялістаў і механізатараў.

Намаганні хлебаробаў сканцэнтраваны цяпер на вывазе і ўнясенні арганікі, падрыхтоўцы плошчаў пад кукурузу, сяўбе шматгадовых траў. Насенне ранніх зерневых і зернебабовых ужо загарнулі ў глебу, на чарзе – кукуруза. Адводзяць ёй 2800 гектараў, з якіх 500 – на зерне і 150 га – на насенне. На астатніх участках будуць вырошчваць каштоўную культуру на зялёны корм. Пасеяць яе патрэбна да 9 мая. Звычайна ў такія тэрміны аграрыі ўкладваліся ў папярэднія гады, і не толькі ў гэтым ААТ, але і ў іншых. Як расказаў Міхаіл Вячаслававіч, зараз яны стараюцца вывезці і ўнесці арганіку на палі. Задзейнічана як свая тэхніка, так і ААТ “Брагінаграсэрвіс”.

Галоўны аграном Аляксандр Бобрык дае нарад механізатарам на выкананне той ці іншай работы. Тут ёсць выдатныя спецыялісты сваёй справы, якімі гаспадарка можа ганарыцца. Маладому трактарысту Аляксандру Давыдоўскаму ёсць з каго браць прыклад і ў каго вучыцца. Родам ён з Малажына, а ці стане юнак праслаўленым хлебаробам, залежыць і ад кіраўніцтва, і ад спецыялістаў, якія павінны стварыць для яго прафесійнага росту ўсе ўмовы.

Калі хлебаробы жывуць клопатамі аб ураджаі, то жывёлаводы стараюцца нарошчваць аб’ёмы вытворчасці малака і мяса, арганізавана правесці пашавы перыяд. Па словах галоўнага заатэхніка Тамары Чарнянок, у гэтыя дні ідзе страўліванне азімых. Каб жывёла была з кармамі, сёлета пасеяна 594 гектары шматгадовых траў (220% да плана), 30 га – проса.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *