Працоўныя дынастыі: тры браты і адна прафесія

Главное Сельское хозяйство

Алег і Аляксей Дзядковы: радасна адчуваць побач плячо роднага брата.

Такіх працавітых і дружных сямей, як Дзядковы, раней у нашых вёсках было шмат. Бацькі выхоўвалі дзяцей на асабістым прыкладзе: вучылі праяўляць цярплівасць, з павагай адносіцца да старэйшых, пераадольваць цяжкасці і не апускаць рукі ў складаных жыццёвых сітуацыях.

У Пятра Рыгоравіча і Юліі Іванаўны са Сцежарнага нарадзілася васьмёра сыноў і дачок. Тата, па словах дзяцей, лічыўся выдатным трактарыстам, працаваў на гусенічных Т-74 і Т-75, а маці з 14 гадоў даіла ўручную кароў. У групе – 15 галоў, на ферме – ніякай механізацыі, малакаправодаў, але ж дзяўчына спраўлялася са сваімі абавязкамі не горш вопытных даярак.

У Дзядковых была, як і ва ўсіх у вёсцы, уласная гаспадарка. Яны трымалі жыўнасць, апрацоўвалі прысядзібны ўчастак. Хлопцы і дзяўчаты, калі падрасталі, дапамагалі бацькам ва ўсім. Палова з іх пасля вучобы або службы ў арміі вярнулася ў родныя мясціны. Сёння ў ААТ “Пераможнік” жывёлаводамі працуюць тры браты: Аляксей, Алег і Анатолій.

На комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы кожны з іх прыйшоў сваім шляхам. Найбольшы стаж – у Аляксея. У красавіку 1995-га, калі толькі дэмабілізаваўся з арміі, яго папрасілі падмяніць на месяц даглядчыка. З таго часу прайшло 25 гадоў. Адчуўшы сваю запатрабаванасць, вясковец не змог пакінуць важны для гаспадаркі ўчастак. У гэтага вытворчага падраздзялення цікавая гісторыя. Паколькі будавалі студэнты, між сабою сцежаранцы называюць яго “бамам”. Раней тут утрымлівалася да тысячы бычкоў. Не пустуе ён і зараз.

Аляксей Пятровіч – бацька двух дзяцей. Дачка яшчэ вучыцца ў школе, а сын Аляксандр, былы пагранічнік, связаў свой лёс з МНС.

Алег на “баме” – з мая 2003-га. З павагай гаварылі пра яго аднавяскоўцы не толькі як пра сумленнага працаўніка, але і як пра дбайнага гаспадара. Жонка Алега Пятровіча – Аляксандра таксама звязана з жывёлагадоўчай галіной, яна ветфельчар. Зараз у яе не менш адказная місія: расціць доўгачаканага наследніка. У трох сястрычак з’явіўся малодшы брацік.

Сустрэцца асабіста з Анатолем не атрымалася: ён даглядае маладняк на ферме №3. І хаця адлегласць да “бама” невялікая, прыехаць да нас не змог. Неабходна было карміць жывёлу. Парушаць тэхналагічны працэс мы не сталі.

Сястра Анжэла, як і матуля, працавала аператарам машыннага даення. Нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей, зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Малодшая Валянціна – прадавец у Сцежарным. Пётр жыве ў Брагіне. Жыхары раёна яго ведаюць як актыўнага ўдзельніка мастацкай самадзейнасці (выступае ў складзе мужчынскага ансамбля). Міхаіл пераехаў у Гомель, а малодшага Уладзіміра, на жаль, няма ўжо сярод нас. Ён заўчасна пайшоў з жыцця ў маладым узросце.

Шкада, што ў нашых вёсках зараз вельмі мала шматдзетных сямей. Такія ячэйкі грамадства – аснова дабрабыту, эканамічнай стабільнасці, паспяховага развіцця дзяржавы.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *