Вялікдзень

Взгляд Нины Синиловой Грамадства

Сутнасць і значнасць галоўнага праваслаўнага свята – Уваскрэсення Хрыстова – глыбей спасцігла тады, калі пачала хадзіць у царкву, чытаць Біблію, слухаць пропаведзі святара. У дзяцінстве мала ведала пра пакуты Іісуса, тайную вячэру, распяцце і ўваскрэсенне Збавіцеля, але ж з Вялікаднем у мяне звязаны самыя светлыя і радасныя пачуцці. Яны саграваюць сэрца да гэтага часу.

Набажная і адзінокая немаладая Анюта, якая жыла насупраць у невялікай хаціне, старалася нешта расказаць нам пра тыя далёкія падзеі. Прыносіла царкоўную літаратуру, тлумачыла сэнс Святога Пісання… На жаль, зразумець тое, пра што яна гаварыла, вучаніцы пачатковых класаў было складана. Я з цікаўнасцю разглядвала ў гэтых кнігах ілюстрацыі, постаці людзей у непрывычным для нашага часу адзенні і больш маўчала.

Пра ўваход Гасподзен у Іерусалім нагадвала ікона, на якой Ісус Хрыстос уязджаў у горад на маладой асліцы… Яна была ў нас дома і вісела ў чырвоным куце залы. Маці заўсёды ўпрыгожвала гэты абраз найпрыгажэйшым набожнікам (так у нашай вёсцы называлі вышыты ручнік) з дзівоснымі карункамі, звязанымі з тонкіх белых нітак цёцяй Дусяй, жонкай брата майго бацькі. Перад Вялікаднем ручнік, фіранкі, бялізна дбайна мыліся, а потым матуля праходзілася па іх цяжкім прасам, у які засыпала вугельчыкі з печы…
А перад гэтым бяліла хату. Па просьбе маці з вялікім задавальненнем брала ў рукі шчотку і мазала белым растворам сцены датуль, дакуль магла дастаць. Выносіліся ў двор сталы, матрасы, чысціліся, асвяжаліся. Да Вялікадня ўсюды быў парадак. У чырвоную суботу печ палілі два разы: раніцай і пад вечар, калі падыходзіла цеста ў дзяжы і патрэбна было пекчы духмяныя кулічы. На Вялікдзень абавязкова прыходзіла ў госці хросная з суседняй вёскі, прыносіла пафарбаваныя яйкі і смачную булку, цукеркі. Да гэтага дня мама абавязкова шыла нам з сястрой сукенкі. Адну з іх, з тонкай тканіны, якую называлі майя, уяўляю і зараз. Як жа мне хацелася пакрасавацца ў ёй перад сяброўкамі! Была засмучана, калі на Вялікдзень пахаладала і я вымушана была апрануць паліто.

Калі мы, дзеці, радаваліся абновам, чырвонаму яйку, пачастункам, то ў старэйшага пакалення адносіны да гэтага старажытнагага свята, якое з’яўляецца цэнтрам усёй біблейскай гісторыі і асновай праваслаўнага вучэння, былі трапяткія. З глыбокай пашанай услаўлялі яны Хрыста, які ўзяў на сябе грахі ўсяго свету, быў распяты на крыжы, а на трэці дзень пасля смерці ўваскрэс. Паколькі царкву ў вёсцы разбурылі ў гады богаборства, то на ўсеночную малітоўнікі збіраліся ў адным з дамоў. Богаслужэнне праводзілі старэйшыя жыхары Дзяражыч. Яны наведвалі храм у гады яго існавання, дапамагалі святарам і ведалі песнапенні, што выконваюцца ў такія ўрачыстыя моманты.

Да скону веку не забыць мне тую цёплую і светлую ноч, прыгожыя мужчынскія і жаночыя галасы, што чуліся здалёк. Прырода замерла ў прадчуванні цуда: ні ветрыку, ні шолаху. Дрэвы апраналіся ў лістоту, быццам спяшаліся сустрэць Вялікдзень у поўнай красе. І незвычайная замілаванасць, спакой і асэнсаванасць таго, што навокал адбываецца нешта таямнічае. Уваскрэсенне Хрыстова карэнным чынам змяніла і зямлю, і ад, і Неба.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *