Там, дзе заўсёды любяць і чакаюць

Главное Грамадства

Што для кожнага з нас сям’я? Самыя дарагія і блізкія людзі, любоў і падтрымка, клопат і ра-зуменне. Магчымасць даверыцца, пагутарыць аб патаемным, адпачыць душой. Шчасце ў кожнай сустрэчы, хвіліне зносін… І сённяшняя дата дазваляе лішні раз задумацца аб каштоўнасці гэтых паняццяў: на календары – Дзень сям’і.

 


Святлана, якая расла ў сям’і адна, з маленства марыла мець шмат дзяцей. Відаць, вельмі не хапала родных братоў і сястрычак – разам некалі было б сумаваць. Ды і нішто не параўнаецца з адзінствам думак, клопатаў і спраў, цеснай сваяцкай сувяззю.

Сяргея, які ў будучым стане мужам, яна ведала з дзяцінства. У Камарыне хадзілі ў садок у адну групу, вучыліся ў адным класе. Больш таго, іх бацькі сябравалі. Але ўзаемныя пачуцці, разуменне, што патрэбныя адзін аднаму, узніклі значна пазней, калі Сяргей закончыў вучылішча, вярнуўся з арміі, а Святлана атрымлівала вышэйшую адукацыю. Іх сям’я нарадзілася ў 1998 годзе, і дагэтуль цяпло яе ачага, гармонія ў адносінах саграваюць. Дзякуючы, вядома, бесперапыннай працы розуму, душы і сэрца, у якіх пануе адзін закон: чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш і маеш. Трывалая і дружная сям’я не складваецца сама сабой. Яна патрабуе нястомных намаганняў, увагі і цярпення. Тады і дзеці, якія растуць у атмасферы любові і згоды, узаемаразумення і падтрымкі, клопату адзін пра аднаго, выходзяць на шырокі жыццёвы прастор з правільнымі арыенцірамі. А ў будучым становяцца для бацькоў надзейнай апорай. Трое дзяцей Святланы і Сяргея Козелаў – іх шчасце, гонар і сэнс жыцця.

Сын Максім яшчэ ў старэйшых класах цвёрда вызначыўся са сваім далейшым шляхам. Цікавасць выклікалі прафесіі, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, таму вырашыў стаць інжынерам-праграмістам і аддаць перавагу сферы, якая інтэнсіўна развіваецца. Крэатыўнае мысленне, памножанае на тэхналогіі і навуку, даюць той вынік, які сёння не толькі запатрабаваны, але і высока аплачваецца. Бацькі сына ў гэтым намеры падтрымалі. Сёлета Максім заканчвае Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. І ўжо другі год паралельна з вучобай працуе ў перспектыўнай IT-кампаніі – паспяхова прайшоў адбор на конкурснай аснове.

Старэйшая дачка Алена – натура творчая. З маленства, як прыкмячае маці, пачала цягнуцца да дэкаратыўна-прыкладнога і іншых відаў мастацтва, што бацькі толькі віталі. Вельмі важна, па іх меркаванні, не забараняць дзецям займацца тым, чым хочацца, што выклікае цікавасць. Заняткі ў розных гуртках – добрая магчымасць прыгледзецца, паэксперыментаваць. Яны дазваляюць паспрабаваць сябе ў тым ці іншым накірунку, знайсці занятак па душы, развіць уменні і здольнасці, набыць упэўненасць у сабе. Нездарма Алена – асоба адкрытая і камунікабельная, з пачуццём эстэтычнага густу. Магчыма, з яе атрымаецца добры дызайнер. Але канчаткова яна з прафесіяй яшчэ не вызначылася, часам хоча атрымаць параду маці. Ды тая праяўляе мудрасць: дзеці, на думку Святланы Уладзіміраўны, павінны самі ўсё ўзважыць, усвядоміць, асэнсаваць. І зрабіць выбар самастойна – з улікам уласных інтарэсаў, схільнасцей і магчымасцей. Задача бацькоў – іх у гэтым падтрымаць. У Алены, якая сёлета заканчвае 9 клас, яшчэ ёсць час на роздум.

У пяцігадовай Дашкі пакуль няма такіх клопатаў і турбот. Усё – наперадзе. Але ўжо зараз у гэтай маленькай дзяўчынцы прыкмячаецца своеасаблівая “даросласць”: не па гадах сур’ёзная, адказная, уседлівая. Калі ў садку атрымлівае нейкае даручэнне – ніколі не забудзецца, што яго патрэбна разам з бацькамі выканаць. І, вядома ж, найлепшым чынам. У гэтых і іншых справах праяўляецца яе прага да працы, стараннасць і лідарская струнка.

Як і ў кожнай сям’і, тут ёсць свае радасці, светлыя моманты, яркія падзеі. Узнікаюць і спрэчныя сітуацыі, пэўныя цяжкасці, праблемы, справіцца з якімі разам куды лягчэй. Самае галоўнае, па меркаванні маёй суразмоўцы, адзінства ў сям’і, разуменне і ўзаемадапамога. Відаць, менавіта гэта дапамагае мужу і жонцы паспяхова спраўляцца са сваімі абавязкамі і дома, і на рабоце. Абое, дарэчы, займаюць кіруючыя пасады: Святлана Уладзіміраўна – начальнік планава-эканамічнай службы лясгаса, Сергей Пятровіч – камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 г.п. Камарына. У напружаныя працоўныя будні, якія часам парушаюць звычайны жыццёвы рытм, яны прыходзяць у сямейных клопатах адзін аднаму на выручку.

Аб сваім мужы жанчына гаворыць з цеплынёй. У ім бачыць і галоўную апору, і лепшага памочніка, і мудрага дарадчыка. Менавіта яго разважлівасць, уменне супакоіць, знайсці плюсы ў любой сітуацыі не дазваляюць разгарацца канфліктам, засяродж-вацца на негатыве. Магчыма, гэта яшчэ і ўплыў прафесіі, якая патрабуе захоўваць самавалоданне і цвярозы розум у любых абставінах.

У майстэрскіх, умелых руках бацькі спорыцца любая справа, таму побач з ім дзецям не сумна, займальна і цікава. У свой час, калі Максім занадта захапіўся віртуальнымі гульнямі, бацька хуценька знайшоў спосаб “вылечыць” гэтую хваробу: зацікавіў сына тэхнікай. Вядома, гэта больш “крута” – навучыцца кіраваць мапедам, а потым – матацыклам, чым бавіць вольны час за камп’ютарам. Так узнікла прагнае жаданне атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на права кіравання двухкалёсным агрэгатам. З’явілася мэта здаць тэарэтычны і практычны экзамены, на што і пераключылася ўвага.

Менавіта ад Сяргея Пятровіча зыходзіць таксама ініцыятыва падарожжаў. Сродкі, як ён лічыць, павінны ўкладвацца ў пашырэнне кругагляду дзяцей. Таму кожная такая паездка (часам нават не запланаваная, спантанная), будзь то адпачынак на марскім узбярэжжы ці гасцяванне ў сваякоў, абавязкова суправаджаецца экскурсіямі, знаёмствам са славутасцямі замежных краін і роднай Беларусі. Гэта яшчэ больш аб’ядноўвае, напаўняе новымі эмоцыямі ўсю сям’ю.
Да сваіх дзяцей бацькі імкнуцца данесці: якія б праблемы, жыццёвыя нягоды ці непрыемнасці ні здараліся – ёсць самыя блізкія і дарагія людзі, на якіх яны могуць разлічваць. Выслухаюць, зразумеюць і падтрымаюць. Дапамогу патрэбна шукаць не з боку, а ў сваёй сям’і. Тут заўсёды чакаюць, любяць, цэняць, даруюць і ніколі не пакінуць у бядзе.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *