Герб, флаг і гімн – атрыбуты моцнай і незалежнай дзяржавы

Важное Грамадства

Герб, флаг і гімн – атрыбуты моцнай і незалежнай дзяржавы. Гэта найважнейшыя нацыянальныя сімвалы, якія аб’ядноўваюць народ, цесна звязваюць яго мінулае і сучаснасць, акрэсліваюць будучыню, перадаюць нашу гісторыка-культурную спадчыну. У павазе да іх праяўляюцца грамадзянская самасвядомасць, уменне і гатоўнасць аб’яднаць сілы і пераадолець любыя перашкоды, вырашыць любыя задачы. Менавіта ў гэтым заключаецца сапраўдны патрыятызм, любоў да сваёй Радзімы, гонар за яе.

Варта прыгадаць, што палажэнні аб Дзяржаўным гербе і Дзяржаўным флагу нашай краіны былі зацверджаны 7 чэрвеня 1995 года Прэзідэнтам Беларусі на аснове рашэння рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся напярэдадні, у маі. У афіцыйных сімвалах, выбраных беларусамі, няма месца агрэсіўным геральдычным знакам.

У сярэдзіне герба размешчаны контур межаў Беларусі. Ён сімвалізуе тэрытарыяльную цэласнасць краіны і азначае, што яна не мае патрэбы ў чужой зямлі, але зберажэ кожную пядзю сваёй. Герб упрыгожваюць кветкі канюшыны і льну, а таксама хлебныя каласы. Яны характарызуюць мірную і квітнеючую Беларусь, непарыўную сувязь сучаснікаў з продкамі, прагу людзей да працы. Зямны шар – знак таго, што Беларусь адна з дзяржаў у свеце. Яна ўспрымае іншыя народы як раўнапраўных сяброў і партнёраў. А Зямля ў промнях узыходзячага сонца ўвасабляе веру ў вечнасць жыцця. Пяціканцовая чырвоная зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, сяброўства людзей пяці кантынентаў Зямлі.

Такім чынам, наш герб адлюстроўвае асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, працу, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за ўласную свабоду і суверэнітэт.

Флаг сумяшчае ў сабе зялёны колер жыцця, маладосці і энергіі, веры ў невычэрпную моц прыроды з чырвоным колерам мужнасці і храбрасці, вялікіх ахвяр, прынесеных продкамі ў барацьбе за незалежнасць. Вертыкальная белая паласа з чырвоным арнаментам – характэрны знак для славянскіх народаў. Белы колер азначае свабоду, маральную чысціню і мудрасць. А нацыянальны арнамент увасабляе старажытную культуру нашага народа, яго працавітасць, духоўнае багацце і адзінства.

Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны. Яго змест адлюстроўвае ўмовы развіцця нашай краіны як незалежнай, суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэслівае патрыятызм і працавітасць беларусаў, а таксама брацкія адносіны паміж усімі нацыянальнасцямі, якія пражываюць на тэрыторыі рэспублікі.

Дзяржаўныя сімвалы аб’ядноў-ваюць нас у самыя важныя моманты – ад нацыянальных свят да спартыўных перамог. І заўсёды нагадваюць нам, у які б куток свету ні закінуў лёс, пра дом, даюць магчымасць адчуць прыналежнасць да роднай Беларусі.

Дату ў гонар герба і флага рэспублікі мы будзем па традыцыі сустракаць у другую нядзелю мая. Няхай гэтае свята яшчэ больш умацуе пачуццё асабістай адказнасці кожнага грамадзяніна за краіну і гатоўнасць старанна працаваць на карысць Айчыны.

Падрыхтавала
Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *