Мелодыя душы ў вершах Аляксандра Цярэшчанкі

Літаратурная гасцёўня

 

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА

МЕЛОДЫЯ ДУШЫ

Мелодыя душы
У маіх песнях і вершах –
Пра таемнасць цішы,
Пра пацалунак першы,
Пра блакітнае неба,
Пра шчырасць слоў,
Пра водар хлеба,
Пра клёкат буслоў,
Пра родную вёску,
Пра суседа ці свата,
Пра жыта палоску
Каля бацькавай хаты,
Пра валошкі ў полі,
Пра смех дзетвары,
Пра шчаслівую долю
У кожным двары!

***

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

Куды б я ні ехаў і дзе б ні ішоў,
Аб чым бы парою ні марыў…
Шчасце сваё ў жыцці я знайшоў,
Асалоду спазнаў заварожаных чараў.
Цяпер, на ўзлёце пражытых гадоў,
Жыццёвую я адчыняю скарбонку.
Было вёсак шмат на шляху, гарадоў
І смутку, і песень шмат звонкіх.
Гараскопы наўгад прадказалі
мне долю,
Няпроста склаўся жыццёвы мой лёс
І слёзы былі, і радасці ўволю,
Пакаянне было і падтрымка з нябёс.

***

СЭРЦА ШЧЫМІЦЬ…

Стукае вецер галінкай у вакно,
Лучына ў грубцы гарыць,
На малой радзіме не быў я даўно,
І сэрца чамусьці шчыміць.
Бацькава хата, як сірата,
Ля засохлай бярозы стаіць,
Пеўня няма тут, няма і ката,
І сэрца чамусьці шчыміць.
Кроплі дажду па шыбе плывуць,
Клён стары за акном рыпіць,
Не дае мне самота заснуць
І сэрца чамусьці шчыміць.

***

Я ТУТ НАРАДЗІЎСЯ…

Невядомая сіла цягне сюды,
Дзе я на свет нарадзіўся,
Тут прайшлі маладыя гады,
Тут я сілай жыццёвай крапіўся.
Вобраз вёскі маёй дарагі,
Стаў мне часта сніцца,
Брагінкі пятлявай з вярбой берагі
І поле за вёскаю, што каласіцца.
Пахнуць хлебам там каласы,
Якія вецер ціха люляе,
А над ніваю – птушак галасы,
Як вясёла яны спяваюць.
Тут з бацькам хадзіў па грыбы ў лясы,
А маці над кроснамі ціха спявала,
І нідзе не бачыў я лепшай красы,
Якую дзяцінства маё спазнала.

***

МАЕ КАРАНІ

Карані мае – у вёсцы,
У буслоўцы над дзедавай хатай,
На залацістай жытнёвай палосцы,
У шчодрасці маці з татам.
Мае карані – у бабуліных кроснах,
У ручніках, якія саткала,
У вербах, бярозах ды соснах –
Зязюля гады мне тут кукавала.
Тут атрымаў я жыццёвы кірунак,
Спазнаў шчырасць і клопат людзей,
Ад нягод тут шукаў ратунак,
Жыў марамі светлых надзей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *