У Беларусі сёння адзначаюць Дзень друку. Пра альфу, амегу і сучаснасць

Грамадства Колонка редактора с Галиной Шевченко

Некалі ў Савецкім Саюзе з’явілася прафесійнае свята тых, хто меў дачыненне да газет і журналістыкі. У 1912 годзе ў свет выйшаў першы нумар газеты «Праўда», кіраўніком якой быў Уладзімір Ленін, і праз 10 гадоў гэтая дата была афіцыйна зацверджана Днём друку. У суверэннай Беларусі яго сталі адзначаць з 1996 года.

Існуе распаўсюджанае меркаванне аб тым, што Дзень друку – свята выключна журналістаў, тых, хто фарміруе газетны кантэнт. Але гэтае меркаванне памылковае: калі палічыць, людзі якіх спецыяльнасцей працуюць над выпускам газеты, дык набярэцца нямала. Акрамя галоўнага рэдактара, рэдактараў аддзелаў і карэспандэнтаў, гэта і галоўны бухгалтар, і аператары камп’ютарнага набору і вёрсткі, і вадзіцель. А яшчэ ў адной звязцы працуюць і друкары, і паштальёны. Такім чынам, даволі шмат лю-дзей могуць сказаць: гэта маё свята. У тым ліку – і нашы падпісчыкі.

Адкуль мы даведваемся аб тым, што адбываецца ў горадзе, раёне, краіне і свеце? Усяго некалькі гадоў таму многія б адказалі: з газет. Сёння свет змяніўся, і друкаванае слова не можа існаваць без інтэрнэта. Таму і “МП” аператыўна працуе на сайце, які, дарэчы, называецца “Брагін Інфо”, у групах у сацыяльных сетках. Многім хочацца ведаць, што адбываецца на Брагіншчыне, а такую інфармацыю можна атрымаць толькі ў раённай прэсе. Рэдакцыйны калектыў «Маяка Палесся» прытрымліваецца прынцыпаў праўдзівасці, аператыўнасці, недзе з мастацкім пераламленнем і аўтарскім падыходам асвятляе падзеі, найперш, вядома ж, раёна.

Сёння мы адрасуем шчырыя словы падзякі ўсім, хто дапамагае друкаванаму выданню прайсці шлях ад рэдакцыі да чытача. А асобная ўдзячнасць – нашым пазаштатным аўтарам. Якім бы мабільным і рухавым ні быў калектыў, усюды паспець немагчыма. І пра многія падзеі са старонак газеты расказваюць педагогі, работнікі культуры, выратавальнікі, іншыя спецыялісты. Цесна супрацоўнічаем мы з тымі, хто разумее: газета можа стаць і добрым сябрам, і надзейным памочнікам. Сярод іх – Аксана Пеўнявец, Ілля Шалыгін, Іван Шыпіла, Святлана Радоўская, Мікалай Шубянок, Любоў Дубатдзел і іншыя.

Актыўную жыццёвую пазіцыю займае наш зямляк Аляксандр Цярэшчанка. І хаця зараз ён пражыве ў іншым раёне, але, як кажуць, трымае руку на пульсе, з’яўляючыся не толькі падпісчыкам, але і аўтарам нашага выдання.

Цесную сувязь з раёнкай падтрымлівае Любоў Майсеенка, настаўніца ў мінулым. Але ж педагогаў былых не бывае, і яе ўспаміны пра вучняў і калег чытаюцца на адным дыханні.
Калектыў знаходзіцца ў пастаянным пошуку, каб газета была сучаснай, насычанай, цікавай. Але самае галоўнае для нас – захаваць давер і павагу чытача, яго цікавасць, яго прагу да друкаванага слова. Гэта тыя “альфа и омега”, з якіх пачынаецца праца і адказнасць журналіста і на чым яна будуецца. Не страціць у пагоні за сенсацыйнасцю праўды – галоўная задача супрацоўнікаў “МП”.

Напярэдадні прафесійнага свята я жадаю ўсім натхнення. Кожны з нас – творца, стваральнік. Свайго дня, свайго настрою, сваёй будучыні. Няхай вашы перспектывы будуць светлыя, мары здзяйсняюцца, праца будзе па душы, а адпачынак – у радасць. Я жадаю калегам і пазаштатным аўтарам, падпісчыкам, друкарам шчасця, здароўя, творчых знаходак, журналісцкіх поспехаў, вострага пяра, а любімай газеце – прызнання.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *