Вучаніца Мікуліцкай СШ Ганна Ганчар стала пераможцай абласнога фестывалю-конкурсу

Грамадства

Пераможцай абласнога фестывалю-конкурсу “Хачу быць педагогам”  у  намінацыі  педагагічны  каляндар “Настаўнікі  –  удзельнікі  Вялікай  Айчыннай  вайны”  стала  вучаніца  Мікуліцкай  СШ  Ганна  Ганчар.  Віншуем!

У сучасным свеце даволі шмат цікавых і важных прафесій. І перад кожным школьнікам рана ці позна паўстае пытанне, якой з іх аддаць перавагу. Згадзіцеся, зрабіць правільны выбар – справа няпростая. А вось вучаніца восьмага класа Мікуліцкай СШ Ганна Ганчар ужо зараз прымярае на сабе прафесію настаўніцы: першым крокам да яе стаў фестываль-конкурс “Хачу быць педагогам”.

Прапанова паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве паступіла ад Веранікі Васільеўны Бугаёвай, педагога-арганізатара. Аня згадзілася паспрабаваць свае сілы, тым больш што з мэтамі і задачамі конкурсу ўжо была знаёмая: у мінулым годзе сачыла за ўдзелам у ім Кацярыны Здор, вучаніцы гэтай жа школы, якая летась таксама ўвайшла ў лік пераможцаў. Дзяўчынка заручылася падтрымкай Веранікі Васільеўны і прыступіла да справы.

Інтэрактыўны каляндар “Настаўнікі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” на 2020 год створаны з дапамогай “PowerPoint”, праграмы для падрыхтоўкі прэзентацый. Даты, на якія прыпадаюць дні нараджэння педагогаў, адзначаны сінім колерам. Калі на іх націснуць, адкрываецца старонка з фотаздымкам і кароткай біяграфіяй героя. Звесткі збіраліся з разнастайных крыніц. Найперш гэта кніга “Памяць. Брагінскі раён”. Давялося нямала часу правесці ў вясковай бібліятэцы, звяртацца па дапамогу да настаўнікаў, павандраваць па прасторах інтэрнэту.

Усяго ў каляндар унесены прозвішчы каля 50 чалавек, але гэты спіс плануецца пашырыць. Ёсць тут і ўраджэнцы нашага раёна. Для прыкладу возьмем першы месяц года: пятага студзеня нарадзіўся Мікалай Петрусевіч, які вучыў дзяцей асновам ваеннай падрыхтоўкі ў Камарынскай СШ.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён ваяваў у складзе 3-га Беларускага фронту. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Польшчы і Германіі, у Берлінскай аперацыі.

З календара мы даведаліся таксама, што сёлета, 21 лістапада, споўнілася б 99 гадоў Адаму Варанцу – былому настаўніку геаграфіі Мікуліцкай СШ. Са снежня 1941-га Адам Савельевіч удзельнічаў у баях пад Масквой, быў наводчыкам 45-міліметровага мінамёта. Калі атрымаў званне малодшага лейтэнанта, камандаваў мінамётным узводам на Карэльскім перашыйку Ленінградскага фронту.

Ёсць тут звесткі і пра Уладзіміра Яшчанку з Чамярыс, Сямёна Мялешку з Каманова, іншых герояў, якія не толькі прайшлі суровымі дарогамі вайны, але і прысвяцілі сваё жыццё прафесіі, што нясе людзям “добрае, разумнае, вечнае”.

– Сёлета ў правядзенне фестывалю-конкурсу ўнесла свае карэктывы эпідэмія каранавірусу, і ён праходзіў завочна. Работы ўдзельнікаў, а іх было больш за 120, ацэньваліся ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. І тое, што Ганна Ганчар увайшла ў лік пераможцаў, стала для нас прыемнай навіной, – гаворыць Наталля ФУРС, метадыст Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

На базе гэтай установы праходзіў раённы этап фестывалю, яе супрацоўнікі курыравалі канкурсантаў на занальным і абласным узроўнях.

Сама ж васьмікласніца прызнаецца, што аб будучай прафесіі пакуль усур’ёз не задумвалася. З накірункам дзейнасці плануе вызначыцца падчас летніх канікулаў, каб у наступных навучальных гадах больш увагі ўдзяліць прадметам, якія спатрэбяцца ёй для паступлення ў ВНУ.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *