Жыве ў памяці вайна

К 75-летию Великой Победы Общество

Даўно была тая вайна, і вось ужо святкуем чарговы юбілей Перамогі. Я нарадзіўся праз дзесяць гадоў пасля мая 1945-га, але Вялікая Айчынная прысутнічае ў маёй памяці.

Вайна – у памяці аб спаленых у сваіх хатах 52-х жыхарах вёсак Рудня Жураўлёва, Каманова, Лубенікі, Майск, Рагазін. У памяці аб 33-х спаленых вёсках Брагінскага раёна.

Вайна – у памяці аб земляках, якія з гонарам абаранялі Радзіму ад акупантаў. З 234-х жывымі вярнуліся толькі 72. Прозвішчы загінуўшых – на гранітных плітах.

Вайна – у памяці пра майго дзеда Івана Львовіча Русака. Ён быў калгасным брыгадзірам і прапаў без звестак пад Берлінам у 1945-м.

Вайна – у памяці і пра маіх дзядзькаў. Адзін з іх, Аляксей, кадравы афіцэр-танкіст, загінуў у 1944-м пад Вялікімі Лукамі Пскоўскай вобласці. Другі, Мікалай, матрос чарнаморскага флоту. Ён быў цяжка паранены пры абароне Севастопаля, але выжыў. Доўгі час працаваў дырэктарам універмага ў Брагіне.

Вайна – у памяці аб тысячах жыхароў Брагіншчыны, якія гераічна абаранялі Радзіму. Вечная ім слава і светлая памяць.

Дзякуй за Перамогу ўсім ветэранам, жывіце як мага больш! Радасці вам і клопатаў ад людзей і дзяржавы!

Вайна прысутнічае і ў маіх вершах і песнях.

Няхай вайны не будзе ніколі

Не грукаюць, як колісь, гарматы
На нязжатых жытнёвых палях,
Не гінуць болей салдаты
У суровых смяротных баях.
Нямала гадоў мінула
З ваеннай пары ліхалецця,
Край поўніцца працоўным гулам
І песнямі, што спяваюць дзеці.
Няхай не будзе вайны ніколі,
Няхай людзі ў шчасці жывуць,
Уволю будзе і хлеба, і солі,
І сады вясною цвітуць.
Улетку чаруе нас водар мяты
І грыбныя дажджы
над лясамі ідуць,
Толькі пераможна салютуюць
гарматы
І воблакі мірна над Радзімай
плывуць.

Шаноўныя жыхары Брагінскага раёна, з юбілеем Вялікай Перамогі! Няхай вайны не будзе ніколі! Даўгалецця вам, міру, дабра, шчасця, радасці, спакою на душы!

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *