Да Дня моладзі: выпускніца Рэчыцкага аграрнага каледжа Яна Буднік лячыць жывёл марыла з дзяцінства

Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы Сельское хозяйство

Лячыць жывёл Яна Буднік марыла з дзяцінства. Калі захварэў любімы сабака, дзяўчынка, як добры доктар Айбаліт з вершаваных казак Карнея Чукоўскага, прыйшла яму на дапамогу: уліла салявы раствор, які прыгатавала сама. Параду такую знайшла ў інтэрнэце. Радавалася, калі чацвераногі сябра паправіўся.

Пасля школы ведала, куды будзе паступаць: у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, завезла нават туды дакументы. Ажыццявіць задуманае перашкодзіла раптоўная хвароба, таму выбрала ўстанову, якая знаходзіцца бліжэй ад дому – Рэчыцкі аграрны каледж. І хаця з Віцебска тэлефанавалі і запрашалі прыязджаць на вучобу, мяняць нічога не стала. У каледжы атрымала спецыяльнасць “ветэрынарная медыцына” і вярнулася ў Брагін. Зараз працуе ў ААТ “Брагінка” ветурачом. У гэтай жа гаспадарцы яна праходзіла практыку, таму ведае і размяшчэнне вытворчых памяшканняў, і людзей.

Адчуваецца, што з цягам часу Яна стане выдатным спецыялістам, якіх так не хапае сёння ў АПК. Асабліва ў ветэрынарыі. Дзяўчына не лічыцца з асабістым часам. У 7 гадзін яна ўжо завіхаецца на ферме, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы каровам пасля ацёлу. Перажывае і за маленькіх цялят, якія захварэлі і якіх неабходна хутчэй вылечыць. У ход ідуць не толькі ветэрынарныя прэпараты, але і адвары траў. Калі патрабуюць абставіны, прыходзіць на МТФ у суботу і нядзелю.

А вучыцца ў акадэміі можна і завочна. Зараз у жывёлагадоўлі вельмі патрэбны веды маладога спецыяліста і адданасць справе, таму Яна затрымліваецца на вытворчасці столькі, колькі лічыць неабходным.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *