Імёны на Дошцы гонару. Працоўную славу Уладзімір Шахніцкі заслужыў дзякуючы ўмелым рукам, майстэрству і стараннасці

Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы Сельское хозяйство

Вадзіцельскі стаж Уладзіміра Шахніцкага складае трыццаць год. Ён лепшы работнік галіны сельскай гаспадаркі, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

Сам Уладзімір Рыгоравіч, а чалавек ён вельмі сціплы, лічыць, што ў ААТ Брагіншчыны нямала сумленных і працалюбівых людзей, дастойных такой пашаны. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Імя Жукава” перакананы, што менавіта прадстаўнік іх калектыву заслужыў права быць сярод людзей, якія праслаўляюць Брагіншчыну.

Атрымаўшы пасведчанне вадзіцеля ў 1990-м годзе, юнак быў прызваны ў армію. Легкавы аўтамабіль калгаса, на якім калясіў па вясковых дарогах, давялося змяніць на ваенную тэхніку, што дазволіла ўдасканаліць свае навыкі. Сын калгаснага шафёра, Уладзімір яшчэ ў дзяцінстве ўяўляў сябе на месцы бацькі і не раз садзіўся за руль пад яго наглядам. Мабыць, гэта і вызначыла далейшы шлях.

Пасля тэрміновай службы вярнуўся ў Мікулічы. У калгасе “Чырвоны Кастрычнік” (так раней называлася гаспадарка, што ўвайшла ў склад ААТ “Імя Жукава”) пачаліся напружаныя будні Уладзіміра. З 1986-га да 2005-га ён працаваў на ГАЗ-53. Плённымі былі ўсе рэйсы, але асабліва – у час жніва, калі адвозіў зерне ад камбайнаў. У 2004-м наш зямляк стаў прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў (заняў другое месца). З Ваўкавыска, дзе праходзіў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, вярнуўся з дыпломам і відэакамерай.

А дома яго чакала маладая жонка і двое сыночкаў. Малодшаму споўніўся год, а старэйшаму – тры. Дарэчы, трэцяга чэрвеня Уладзімір і Жанна Шахніцкія адзначылі 20-годдзе сумеснага жыцця, фарфоравае вяселле, як пажартавала жанчына. З вялікай павагай адносяцца ў сям’і Уладзіміра Рыгоравіча да яго дасягненняў і шматлікіх узнагарод. Ганаровымі граматамі вопытнага вадзіцеля адзначаюць амаль кожны год на раённым, абласным узроўнях.

Беражліва захоўваюцца ў папках дыпломы, лісты з падзякай, віншавальныя тэлеграмы, газеты з артыкуламі. Яны складаюць летапіс працоўнай славы чалавека, які шмат дасягнуў у жыцці дзякуючы сваім умелым рукам, майстэрству і стараннасці. У 2006-м Уладзімір Шахніцкі прымаў удзел у рабоце трэцяга Усебеларускага народнага сходу.

Днямі, калі мы прыехалі ў ААТ “Імя Жукава”, ён праводзіў капітальны рамонт рухавіка свайго МАЗа, які атрымаў у 2005-м. Хочаш дабівацца рэкордаў – сачы за станам тэхнікі, якую эксплуатуеш. Такое няпісанае правіла першакласнага шафёра, які ўмее не толькі ездзіць, але і берагчы машыну, каб падоўжыць яе век. Ды і лішніх грошай, каб купіць новую, у гаспадарцы няма. Спадзяёмся, што і сёлета прозвішча Уладзіміра Шахніцкага мы ўбачым сярод вадзіцеляў-тысячнікаў, як гэта было на працягу доўгага часу.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *