Імёны на Дошцы гонару: работнік КЖУП “Брагінскае” Аляксандр Леўчанка

Главное Общество

У Аляксандра Леўчанкі тэхніка заўсёды ў добрым стане.

У КЖУП “Брагінскае” Аляксандр Леўчанка прыйшоў у 1992 годзе. Яго сумленная праца адзначана шматлікімі  граматамі, а сёлета прозвішча машыніста экскаватара ўчастка г.п. Камарына  занесена на раённую Дошку гонару – у намінацыі “Лепшы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”.  

У Камарыне ён нарадзіўся і вырас. Гэты цудоўны край на беразе Дняпра мясцовыя лірыкі  апаэтызавалі ў вершах, яму прысвяцілі “Камарынскі вальс”, мелодыя і словы якога кранаюць  душу.  Сваю малую радзіму Аляксандр Міхайлавіч лічыць найпрыгажэйшай і найлепшай, таму адусюль, куды закідаў яго лёс, спяшаўся дадому.

Закончыў Хойніцкае прафтэхвучылішча і быў прызваны ў армію. Службу праходзіў у Краснаярску ва ўнутраных войсках. Пасля яе непрацяглы час працаваў  вадзіцелем  у райсельгасхіміі (яна тады знаходзілася  ў  Камарыне),  а потым – у  аўтапарку  Славуціча. І  ўсё ж сваё прызванне знайшоў у КЖУП “Брагінскае”, дзе вось ужо 28 гадоў  займаецца добраўпарадкаваннем, дапамагае ачышчаць  гарпасёлак ад бруду і смецця,  выконваць іншыя работы. Зайздроснае пастаянства і адданасць справе, на першы погляд не зусім прэстыжнай, але жыццёва важнай, уласцівыя не многім. За гэта і цэняць яго ў калектыве.

За Аляксандрам Міхайлавічам замацаваны два трактары, за руль якіх садзіцца ў залежнасці  ад  абставін. Калі на цеплатрасе  здараецца аварыя і яе  неабходна  ўхіліць, выязджае  да  месца парыву  на экскаватары.  Вялікі вопыт і ўменне дапамагаюць дакладна вызначыць месца раскопкі,  каб не парушыць камунікацыі. Чурбаны для кацельні падвозіць на пагрузчыку “Амкадор”. Тэхніку беражэ, бо ад гэтага, як прыкмеціў Аляксандр Міхайлавіч, залежыць яго хлеб, яго заробкі.

Хаця справа не толькі ў грашах. Быць ахайным, дысцыплінаваным, усё рабіць на сумленне прывучыў бацька, Міхаіл Паўлавіч. Яго ўрокі сын запомніў на ўсё жыццё і стараўся апраўдаць надзеі і давер. У Аляксандра з дзяцінства былі свае хатнія абавязкі. Дзве сястры знаходзіліся пад яго апекай. Міхаіл Паўлавіч працаваў на трактары “ЮМЗ”,  начальнікам мехатрада ў райсельгасхіміі, потым – начальнікам водаканала ў камунгасе. Адсюль пайшоў на заслужаны адпачынак. Цяпер ужо Леўчанка малодшы перадае свайму першынцу Багдану жыццёвую  навуку, якую спасцігнуў з гадамі і якая прынесла яму  станоўчыя бонусы. Юнак хоча звязаць свой лёс са службай у МНС. Таму зараз паспяхова вучыцца ў Гомельскім машынабудаўнічым каледжы, набывае спецыяльнасць “прадухіленне і ліквідацыя на-дзвычайных сітуацый”. У сям’і,  акрамя яго, падрастаюць брат Павел і сястра Маша. Бацька выхоўвае іх не столькі словамі, колькі асабістым прыкладам. Датычыцца гэта работы, адносін да  людзей ці здаровага  ладу  жыцця,  які  вядзе  сам.

Непрыглядны дом, які Леўчанкі атрымалі ў 2002-м і ў які пераехалі з Карлаўкі, стаў прывабнай сядзібай. Нямала сродкаў і працы ўклалі  Аляксандр Міхайлавіч з жонкай, каб  зараз тут было прыгожа і зручна і самім, і дзецям. Багдан захапіўся пчалаводствам, на выхадныя спяшаецца ў Камарын, дзе ў яго на падворку некалькі пчаласем’яў. Акрамя гэтага, у бацькоў ёсць  дамашняя гаспадарка, якая таксама патрабуе  сіл  і  клопатаў.

Працоўны дзень лепшага работніка КЖУП “Брагінскае” пачынаецца ў 6 гадзін. Зімой неабходна даставіць шчэпкі для дзвюх кацельняў, якія працуюць на мясцовым паліве, падаюць у дом жыхароў цяпло і гарачую ваду. Летам  задзейнічана адна, для падагрэву вады, але ж і яе неабходна “падсілкаваць” дрывамі. І тут без пагрузчыка “Амкадор” і яго гаспадара не абысціся. А пасля Аляксандр Міхайлавіч накіроўваецца туды, дзе патрэбны яго тэхніка і  ўмелыя рукі.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *