Іван Харко і Валерыя Харко: атрымаць медалі дапамаглі мэтанакіраванасць, стараннасць і ўпэўненасць у сваіх сілах

Главное Грамадства

Сёлета на Брагіншчыне са школьным жыццём развіталіся 116 юнакоў і дзяўчат. 10 чэрвеня для іх прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы. Сярод выпускнікоў – двое медалістаў.  Гэта вучні Малажынскай школы Іван Харко і Валерыя Харко.

Выпускны вечар стаў важнай падзеяй не толькі для вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў, але і для ўсіх жыхароў Малажына, якія ў сераду прыйшлі ў мясцовую ўстанову культуры, каб  павіншаваць сваіх юных землякоў з заканчэннем школы. Афіцыйную частку мерапрыемства адкрыла дырэктар школы Надзея Лявоненка, якая ўручыла выпускнікам атэстаты аб сярэдняй адукацыі.

Дакументы асобага ўзору з рук намесніка старшыні райвыканкама Іны Міхаленкі атрымалі  Іван Харко, які ўзнагароджаны залатым медалём,  і Валерыя Харко – сярэбраным. Іна Анатольеўна выказала ўпэўненасць, што талент і працавітасць сённяшніх выпускнікоў абавязкова прынясуць карысць роднаму краю.

Поспехаў у дасягненні пастаўленых мэт учарашнім школьнікам пажадалі таксама ўпаўнаважаны прадстаўнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алег Макушкін і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  Галіна Васяновіч.

Шмат цёплых слоў сказалі настаўнікам і бацькам галоўныя героі ўрачыстасці, якія з нецярпеннем чакалі гэтае свята і старанна  да  яго  рыхтаваліся. Вечар пакінуў незабыўныя ўражанні ў душы кожнага выпускніка, і даў магутны штуршок для пачатку паспяховага дарослага жыцця.

 

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *