Каб усё, як у людзей

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Верачка расла ў сям’і адна. Таму, безумоўна, усё лепшае – ёй, разумніцы і прыгажуні. Калі нейкія прылады для гульняў ці цацкі, то не такія, як у суседскіх вясковых дзяцей – самаробныя або пакінутыя ў спадчыну ад старэйшых братоў і сясцёр, а прывезеныя з вялікага горада. Калі сукенка ці кофтачка, то найбольш адметная, нярэдка пашытая з лепшага матэрыялу адмысловай майстрыхай, не падобная на тыя аднатыпныя, што насілі аднагодкі. І не дай божа запэцкацца! Ці хадзіць з ускудлачанымі валасамі. Дзяўчынка павінна быць надзвычай ахайнай і паводзіць сябе так, каб не выклікаць асуджэння іншых, – лічылі бацькі.

Так, дарэчы, і складвалася. Заўсёды бездакорны знешні выгляд і добрую выхаванасць Верачкі людзі прыкмячалі. Бацькі яе нярэдка ставілі ў прыклад сваім дзецям, калі тыя сваволілі, не слухаліся ці прыносілі са школы дрэнныя адзнакі. Настаўнікі толькі ганарыліся такой прыкладнай вучаніцай-выдатніцай. А бабулькам на лавачках нават нечым было ветлівую дзяўчынку ўпікнуць. У яе і ў думках не ўзнікала падвесці ў нечым бацькоў, дапусціць, каб яны пачулі пра яе нешта дрэннае, непрыемнае. Маці неаднойчы наказвала дачцэ быць станоўчай ва ўсім, а то што ж, маўляў, скажуць людзі… І Верачка з ранніх гадоў гэтае правіла добра засвоіла.

Не дзіўна, што з цягам часу ў такой ідэальнай юнай асобы з пышнымі чорнымі валасамі, заплеценымі ў доўгую тугую косу, і выразнымі карымі вачамі з’явілася нямала прыхільнікаў з ліку мясцовых хлопцаў. Многія, дарэчы, бачылі ў ёй не толькі прыгожую, але і памяркоўную, пакладзістую жонку, узорную маці і гаспадыню. А як жа?.. Верачка, як і разлічвалі бацькі, вывучылася ў горадзе на настаўніцу і вярнулася ў вёску адукаванай асобай. Так што самы час падумаць пра замужжа. “А то застанешся, як твая сяброўка Ленка, у дзеўках, – прыкмеціла маці. – Патрэбна, каб усё, як у людзей”.

Бяда ў адным: каму з назойлівых кавалераў адказаць узаемнасцю? Ніхто з юнакоў, на жаль, так і не зачараваў, не знайшоў водгук у дзявочым сэрцы. Ды маці была няўмольная – раіла прыгледзецца да Антона: і прыгожы, і статны, і працавіты, з заможнай сям’і. Адным словам, слаўны хлопец. Выдатная атрымаецца пара.

…Раскошнае было вяселле. І нават дапамаглі потым бацькі сваім дарослым дзецям пабудаваць дом, у якім Верачка так і не знайшла шчасця. Сямейнае жыццё не задалося. Ці то з-за празмернай правільнасці жонкі, ці то з-за бесшабашнасці і нежадання развітвацца з шумнымі кампаніямі мужа – шукаць прычыны разладу, думаю, зараз няма сэнсу. Я аб іншым. У маладой жанчыны на гэты раз хапіла сіл, каб пайсці насуперак зноў сказанаму “а што ж скажуць людзі…” і не паддацца перакананням маці адумацца, не скасоўваць шлюб. Прагучала толькі: “Я яго не кахаю”.

Аб тым, як склаўся далейшы лёс Верачкі, ці знайшла яна сваё каханне, застаецца толькі меркаваць. Яе зямлячка, што распавяла гэтую гісторыю, ведае працяг не больш за іншых вяскоўцаў: паехала, кажуць, з малым недзе у суседнюю, тады яшчэ савецкую Украіну, дзе жыла цётка. А маці, якой ужо няма ў жывых, не надта любіла пра дачку распавядаць. Магчыма, баялася пачуць чужое непрыхільнае меркаванне ці не ўсё ў Верачкі складвалася найлепшым чынам, было “так, як у людзей”.

Сёння, вядома, іншы час. І такая пазіцыя, хутчэй, засталася недзе ў далёкім мінулым, на прасторах тагачаснага сельскага жыцця, калі існавалі непарушныя ўстойлівыя погляды. Напрыклад, на той жа шлюб ці ролю жанчыны ў захаванні сямейнага ачага. Але чамусьці лаўлю сябе на думцы, наколькі мы і зараз залежым ад чужога меркавання, якое часам проста не дазваляе нам быць самімі сабой. Прыстасоўваемся, хочам прыйсціся камусьці па нораву, стараемся паводзіць сябе так, каб некаму дагадзіць ці штосьці даказаць, адчуць уласную перавагу.

Не выключэнне, што і зараз чыясьці маці гэтак жа, як і Верачкіна, спрабуе “падстроіць” дачку пад суседскія стандарты, навязаць ёй свае погляды замест таго, каб дазволіць жыць уласным розумам, здзяйсняць уласныя памылкі. І нічога, што потым, магчыма, давядзецца сябе дакараць. Абы іншыя заўважылі, якая ў яе цуда-дзяўчынка і як усё ў яе жыцці складваецца найлепшым чынам. Для гэтага дастаткова стварыць ілюзію бездакорнасці.

Як бы ні змяняўся час, але людзі заўсёды будуць чакаць адабрэння родных, сяброў, калег ці проста знаёмых. І мне чамусьці мала верыцца тым, хто гаворыць: чужое меркаванне мяне не хвалюе. Усё наглядна дэманструе сёння той жа інтэрнэт. У сацыяльных сетках – фота з ідэальнымі парамі, шыкоўнымі вяселлямі, на фоне замежных славутасцей ці дарагіх апартаментаў… Дзеля чаго? Каб іншыя ўбачылі, звярнулі ўвагу, а то і пазайздросцілі, якое ў той ці іншай асобы насычанае, паспяховае жыццё. Ну і, вядома ж, адрэагавалі: паставілі лайкі, змясцілі станоўчыя каментарыі. Не важна нават, якім чынам гэта дасягаецца: рэальнымі дзеяннямі і ўчынкамі ці проста прыгожай карцінкай.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *