Маланаселеныя – не значыць забытыя

Важное Грамадства

Што сёння патрэбна жыхарам так званых неперспектыўных вёсак, дзе засталіся ў асноўным людзі сталага ўзросту? Каб пенсіі своечасова выплачвалі, каб сюды рэгулярна заходзілі рэйсавыя аўтобусы, каб у магазіне або аўталаўцы можна было купіць хлеб і да хлеба. А яшчэ – каб дарогі былі калі не ў ідэальным стане, дык камфортныя. На стан апошніх насельніцтва Рыжкава скардзілася даўно. Асабліва пакутавалі тыя, хто жыў на вуліцах Школьная і Зялёная. Летам – пясок, вясной і восенню – гразь. Ні карэце хуткай дапамогі не пад’ехаць да хворых, ні самім не прайсціся, ні інваліда ў калясцы не вывезці з двара.

Цяпер гэтыя нязручнасці – у мінулым. Нядаўна ДРБУ-155 (начальнік – Пётр Фурс) зрабіла тут падсыпку. “Я на веласіпедзе без праблем даехала да царквы”, – расказвае Надзея Міхаленка. А яе суседка Ева Прахарэнка дадала: “А я магу выйсці на прагулку з мужам, ён – інвалід-калясачнік”. Людзі дзякавалі старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Калясану, які прыехаў на сустрэчу, а таксама старшыні райвыканкама Аляксандру Кохану за клопаты аб іх надзённых праблемах. І тут жа давалі новы наказ: патурбавацца, каб у Рыжкаў заходзіў міжгародні аўтобус, каб скошваліся пустыя ўчасткі, на якіх буяе пустазелле. Аляксандр Іванавіч сказаў, што гэтыя пытанні, асабліва транспартнага забеспячэння, патрабуюць дэталёвага вывучэння.

У Буркоўскім сельскім Савеце (старшыня – Аляксандр Каваленка) за апошнія тры гады зроблена нямала: у дзесяці населеных пунктах з 12 добраўпарадкаваны могілкі (на чарзе – Красная Гара і Марытон), прыведзена ў парадак дарога па вуліцы Акцябрскай у Бурках. Па зваротах грамадзян выкананы ямачны рамонт вуліц у Кавалях і Бурках. У новы асфальт апранулася частка вуліцы ў Сабалях. Сёлета спілена 59 старых дрэў. На днях яшчэ спілуюць таполю ў Кавалях каля жылога дома па вуліцы Новай, 22.
Жыццё падкідвае новыя праблемы, якія мясцовая ўлада, дэпутаты стараюцца вырашаць. Галоўнае – зрабіць гэта своечасова, каб людзі ведалі: пра іх клапоцяцца, іх інтарэсамі жывуць.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *