На Брагіншчыне лагеры з дзённым знаходжаннем наведваюць 180 хлопчыкаў і дзяўчынак

Важное Грамадства

Пакуль выпускнікі старанна рыхтуюцца да паступлення ў навучальныя ўстановы, у школьнікаў, якім яшчэ рана ўступаць у дарослае жыццё, у самым разгары – канікулы. Адпачынак, сатканы з весялосці, гульняў і забаў, прыўзнятага настрою. Перыяд, за які патрэбна ўмацаваць здароўе, набрацца станоўчых уражанняў, узбагаціцца творча і духоўна. Таму ў лагерах дзённага знаходжання, што працуюць на базе ўстаноў адукацыі, сум, лянота, апатыя – пад забаронай.

У Мікуліцкай сярэдняй школе, напрыклад, у дзень нашага прыезду – 15 чэрвеня – разгарнулася спартландыя. На тэрыторыі двара, нягледзячы на бязлітаснае сонца, адчувалася прахалода – дзякуй стройным елкам і бярозам, якія пасылаюць цень. Гэта дазваляе многія мерапрыемствы нават у спякотлівае надвор’е праводзіць на свежым паветры.

Сёлета ў лагеры, як паведаміла дырэктар Святлана Цалуйка, адпачываюць 20 вучняў ва ўзросце ад сямі да адзінаццаці гадоў, аб’яднаных у два атрады. Прыярытэт аддадзены хлопчыкам і дзяўчынкам з мнагадзетных сем’яў. Раніцай, як і належыць, усіх сустракае дзяжурны педагог. У абавязковым парадку – хвілінка здароўя, падчас якой юным асобам нагадваюць, як правільна мыць рукі, захаваць асанку і зрок, засцерагаць сябе ад сонца і іншых жыццёва важных правілах. Потым – сняданак. За сталы, разлічаныя на шэсць чалавек, садзяцца па чатыры – з выкананнем усіх правілаў дыстанцыравання. За дзень, дарэчы, прадугледжана трохразовае харчаванне. Для самых маленькіх – пасляабедзенны сон. А падчас спартыўна-аздараўленчых, музычна-забаўляльных, пазнавальных, творчых і іншых мерапрыемстваў дзеці дэманструюць свой спрыт і кемлівасць, рэалізуюць здольнасці, пашыраюць кругагляд. Кожны дзень па існуючай традыцыі прысвячаецца пэўнай тэматыцы, і яго назва гаворыць сама за сябе: дзень вясёлых гульняў, правілаў дарожнага руху, таленавітых дзяцей, знатакоў зямлі беларускай і інш. У праграме – спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, майстар-класы, рухомыя гульні. Ёсць і хвілінка бяспекі, а таксама вольны час, які вучні могуць выкарыстаць, напрыклад, для чытання  ці  заняткаў  па  інтарэсах.

У Буркоўскай сярэдняй школе мінулы панядзелак быў прысвечаны тэме турызму. Таму і мерапрыемствы адпаведныя: заняткі, якія знаёмяць з гэтым відам дзейнасці, конкурс “Нататкі юнага вандроўніка”, завочнае падарожжа па малой радзіме, пазнавальная гутарка. А наперадзе – дні прафесіі, фатаграфіі, смеху, кнігі, роднай мовы. Нагадаюць падрастаючаму пакаленню і аб даце 22 чэрвеня, якая адклікаецца болем, смуткам і журбою ў сям’і кожнага беларуса. Завершыцца адпачынак у наступную сераду днём успамінаў.

Сёлета, па словах дырэктара лагера Тамары Раманюк, пазіцыя бацькоў наконт такой формы занятасці школьнікаў засталася нязменная. Пакуль мамы і таты на рабоце, іх дзеці – і пад прыглядам, і накормленыя. Ды і аб правілах бяспекі, мерах прафілактыкі педагогі лішні раз нагадаюць. Лагер тут наведваюць 15 чалавек.

Неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя, вядома, не дазваляе арганізаваць паездкі – у папярэднія гады навед-вальнікі прышкольных лагераў накіроўваліся ў госці да выратавальнікаў, работнікаў праваахоўных органаў, наведвалі практычны цэнтр бяспекі ў Хракавічах, здзяйснялі іншыя экскурсіі. Але гэта не значыць, што дзеці пазбаўлены цікавага і карыснага адпачынку. Педагогі паклапаціліся, каб стварыць у лагерах спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя і арганізацыі вольнага часу. У гэтым ім дапамагаюць і работнікі культуры. Пры планаванні мерапрыемстваў улічваліся ўзроставыя асаблівасці і інтарэсы дзяцей.

Ва ўмовах пандэміі ўсе, хто працуюць з дзецьмі,  выконваюць масачны рэжым. Кантралюецца самаадчуванне вучняў, яны добра ведаюць, як засцерагчы сябе ад рэспіраторных інфекцый. Павялічана колькасць вільготных уборак, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў дэзынфекцыі. Забяспечана пастаяннае праветрыванне памяшканняў, максімальнае знаходжанне дзяцей на свежым паветры. У складзе кожнага атрада – не больш за 15 чалавек. Выконваюцца і іншыя меры прафілактыкі.

Усяго на тэрыторыі Брагіншчыны ў чэрвені лагеры з дзённым знаходжаннем працуюць на базе дзевяці ўстаноў адукацыі. Іх наведваюць 180 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *