У аб’ектыве – ААТ “Чамярыскі”

Главное Грамадства Сельское хозяйство

Як шуміць пшаніца залатая, старшакласнікі Хракавіцкай сярэдняй школы  ведаюць. І  не па лірычных радках верша  Міхаіла Ісакоўскага, а папрацаваўшы ў полі, дзе яна даспявае.  Цяпер могуць ганарыцца: і яны ўнеслі пасільны ўклад у  хлебны каравай ААТ “Чамярыскі”.  Падлеткі наведваюць лагер працы і адпачынку, створаны пры ўстанове адукацыі, і па дагаворы з гаспадаркай праводзяць на насенным участку  відавую праполку: выдаляюць каласы трыцікале. Працуюць пад кіраўніцтвам настаўнікаў па чатыры гадзіны з абавязковымі 15-хвіліннымі перапынкамі пасля кожнай. Забяспечаны аптэчкай, пітной вадой, вільготнымі сурвэткамі.

Пасля карыснай справы, якую выбралі па сваім жаданні, вяртаюцца ў школьны лагер, дзе іх чакае смачны абед, адпачынак.  А самае галоўнае – яны атрымаюць першую ў сваім жыцці зарплату. Дырэктар гаспадаркі Адам Царанок, які рана прывучыўся да сялянскай працы, ведае, што гэта такое. Ён з 12 гадоў дапамагаў маці расціць сястру і брата, таму радуецца, калі бачыць вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія імкнуцца папоўніць сямейны бюджэт. Па яго словах, у Хракавічах падлеткі заняты ў  ААТ першы год,  а вось у Чамярысах некалькі чалавек працуюць цэлае лета.

Хутка на гэтае поле пад’ехаў малады аграном Максім Леўчанка, які сёлета заканчвае Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Яго дзелавыя якасці ў адкрытым акцыянерным таварыстве ацанілі з першых дзён, прыгледзеліся, чаго варты і спадзяюцца, што ён тут прыжывецца. Спецыяліст расказаў, што насенны ўчастак пшаніцы плошчай 96 гектараў – пад асаблівым кантролем. Як і тыя, на якіх размясцілі трыцікале (элітнае насенне закупілі ў эксбазе “Крынічная”), авёс і ямень.

Усяго азімымі зерневымі занята 1972 гектары, яравымі – 768. У мінулым годзе “Чамярыскі” сабраў 6032 тоны збожжа, павялічыўшы валавы збор на 400 тон. Сёлета плануюць намалаціць 7,5 тысячы тон. Каб намечанае ажыццявіць, прыклалі вялікія намаганні. Свята першай баразны прайшло на базе гэтай гаспадаркі ў пачатку сакавіка. Такі ранні выхад у поле, на думку Адама Анісімавіча, апраўданы. Практыка паказвае, што спазненне з пачаткам пасяўной абарочваецца недаборам ураджаю. У мінулыя гады ў маі стаяла спёка, што адмоўна сказвалася на стане раслін. У бягучым годзе наадварот: было холадна і суха. Хлебаробы пачалі хвалявацца. Сітуацыя палепшылася, калі ў чэрвені пайшлі доўгачаканыя дажджы і наталілі вільгаццю сухую хлебу. Колас пачаў налівацца, у аграрыяў з’явілася надзея, што ўсё будзе добра. А той авёс, які пасеялі ў першыя дні сакавіка, радуе вяскоўцаў. Ён вытрымаў выпрабаванне непагаддзю.

Кукурузе адвялі 2500 гектараў, з іх 660 – на зерне. Уборачныя плошчы немалыя, таму да жніва ў ААТ пачалі рыхтавацца загадзя.

Уборка першага ўкосу завершана, у гэтыя дні тэхніка сканцэнтравана на выпасах, дзе растуць злакавыя. На ўчастку, дзе мы пабывалі, травы падкошвалі, падвяльвалі і здрабнялі Ігар Салдаценка, Андрэй Іванькоў, Аляксандр Котчанка. Адвозіў зялёную масу на трактары з прычэпам Іван Клімовіч. Днём яе трамбуе Анатоль Ціханчук, якога потым змяняе Сяргей Фалей. За дзень чамярысцы паспяваюць закласці ў сянажную ёмістасць 500 тон зялёнай масы. Запаўняецца яна за тры дні, як гэтага патрабуе тэхналогія. Кансерваваны корм не толькі кладуць у траншэі, але і ўпакоўваюць у палімерны рукаў. Да канца тыдня, як праінфармаваў Адам Царанок, гадавы план па нарыхтоўцы сенажу будзе выкананы. Акрамя гэтага, ужо запрасавана 160 тон сена. На 17 чэрвеня на ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 5,96 цнт кармавых адзінак (плюс 2,24 цнт да ўзроўню мінулага года).

Чамярысцы стараюцца выконваць прагнозныя паказчыкі, але справа не толькі ў іх. Галоўнае, каб былі грошы на рахунку, каб у людзей расла заработная плата (яна павялічылася на 15%), каб у складах было зерне, а на тых кармах, якія назапасілі, атрымалі максімум прадукцыі.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *