Адрасы гаспадарлівасці: прыгажосць вакол пачынаецца з нас

Важное Грамадства

Буйства кветак уладарыць на падворку Алены Шупан.

“Мой родны кут, як ты мне мілы!..” Менавіта гэтыя словы Якуба Коласа прыгадваюцца мне, калі перад вачыма паўстаюць маляўнічыя краявіды роднага краю: лес з велічнымі соснамі ды пахучымі ягадамі і грыбамі, залатыя нівы з налітымі каласамі, лугі з духмянымі травамі і кветкамі, блакітныя стужкі рэк. Якое шчасце нарадзіцца і жыць сярод гэтай прыгажосці!

І ўсё ж малая радзіма пачынаецца не толькі з прыроднага хараства, але і з уласнай сядзібы. Якім быць роднаму куточку – дагледжаным, аздобленым яркімі кветкамі і малымі архітэктурнымі формамі ці закіданым смеццем і пакрытым хмызнякамі – залежыць ад нас. Калі мы падтрымліваем парадак дома і на подворку, клапоцімся пра эстэтычную выразнасць навакольнай тэрыторыі, то і вёска становіцца прыгажэйшай.

На шчасце, у Чамярыскім сельсавеце дбайных гаспадароў шмат. У раённым конкурсе “Сядзіба ўзорнага парадку–2020” прынялі ўдзел Алена Шупан, Вольга Дарахавец і Валянціна Галка. Падвор’е апошняй, дарэчы, заняло трэцяе месца. Але сядзібы Алены Леанідаўны і Вольгі Мікалаеўны таксама вызначаюцца прыгожым афармленнем і буйствам кветкавых фарбаў. І гэта далёка не ўсе прыклады гаспадарлівасці, працалюбства, дастойныя пераймання.

Сядзіба Валянціны Галкі – адна з лепшых у раёне.
Каля дома Вольгі Дарахавец.

Прыкоўваюць погляд сваёй дагледжанасцю, раслінным хараством падвор’і Надзеі Абросімавай, Наталлі Залужнай, Наталлі Царанок, Ніны Краўчанкі, Алесі Сурабкі, Рыгора Сніцарэнкі, Аляксандра Цішунца. Гэта калі гаварыць пра аграгарадок Чамярысы. Сядзіба Аляксандра Галкі, дарэчы, заняла другое месца ў аналагічным мінулагоднім конкурсе.

У вёсцы Старыя Хракавічы варта адзначыць падвор’і Ірыны Галузы, Святланы Сцецкай, Ірыны Ганчарэнкі, Людмілы Малочкі, Святланы Шаўчэнкі, Аляксандра Малочкі. У Просмычах – Валянціны Малочкі, Любові Цішунец, Тамары Ефіменкі, Наталлі Барысенкі. У Грушным – Наталлі Лявоненкі і Пятра Цалуйкі.

Шчыры дзякуй такім дбайным і руплівым гаспадарам за іх працу, імкненне ўпрыгожыць свет вакол сябе і тым самым унесці асабісты ўклад у добраўпарадкаванне малой радзімы.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
в.а. старшыні Чамярыскага сельскага выканаўчага камітэта
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *