Навядзенне парадку на вуліцах Брагіна – справа патрэбная і важная

Важное Год малой родины Грамадства

Дзмітрый Комар ахвотна бярэцца за любую справу.

Другі студэнцкі экалагічны атрад “Зорка”, сфарміраваны з актыву БРСМ, прыступіў да работы. Дзесяць юнакоў і дзяўчат у гэтыя дні дапамагаюць работнікам КЖУП “Брагінскае” ў добраўпарадкаванні райцэнтра.

Па словах першага сакратара раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Дар’і Сніцарэнкі, летняя занятасць моладзі – адна з прыярытэтных задач аб’яднання. У чэрвені экалагічны атрад налічваў 11 чалавек, у ліпені – 10, хаця жадаючых значна больш. Сем старшакласнікаў па накіраванні саюза моладзі зараз працуюць і ў ААТ “Чамярыскі”.

У КЖУП “Брагінскае” работай экалагічнага атрада кіруе Алена Ярмоленка. Нараканняў на школьнікаў у прадстаўніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі няма. Дзеці працуюць сумленна, паколькі разумеюць: навядзенне парадку ў родным пасёлку – справа патрэбная і важная. А калі за гэта яшчэ і плацяць, то працуецца з большым энтузіязмам. Студатрадаўцам звычайна даручаюць пафарбаваць агароджу, падмесці вуліцу ці прапалоць клумбу, а вечарам, калі патрэбна, яны паліваюць кветкі.

Падчас праполкі.

Для Дзмітрыя Комара летнія канікулы таксама асацыіруюцца не толькі з адпачынкам, але і з працоўнымі буднямі. Сёлета ён закончыў дзевяць класаў, паступаць у каледж пакуль не збіраецца, але і сядзець без справы не захацеў. Юнак прызнаецца, што работа не цяжкая і добра яму знаёмая, паколькі часта даводзіцца дапамагаць маме на агародзе. Ды і ў экалагічным атрадзе ён не навічок – першы працоўны вопыт атрымаў у мінулым годзе.

Трэба адзначыць, што летняя занятасць для падлеткаў – не толькі заробак. Калектыўная праца аб’ядноўвае, далучэнне да важнай справы выхоўвае пачуццё адказнасці, а станоўчы вынік радуе і надае ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *