У гасцях у лідараў: на 17 ліпеня ААТ “Чамярыскі” ўбрала 28% зерневых

Главное Год малой родины Сельское хозяйство

На сёння ў гаспадарцы найвышэйшая ўраджайнасць: 35,4 цнт/га пры сярэднераённай 27,4 цнт/га.

Дырэктар Адам Царанок кантралюе ход жніва і пастаўку збожжа на КХП

– У нас ні адно поле менш 30 цэнтнераў не дало, а зжалі мы ўжо 750 гектараў, – расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Адам Царанок. – Асабліва парадавала азімая пшаніца. Пасяўныя плошчы пад гэтую культуру сёлета павялічым удвая.

Якое напружанне пануе на хлебных палях, з якой адказнасцю вядуць жніво чамярысцы, мы пабачылі, калі пабывалі ва ўрочышчы “Вахвашчына”, дзе сем экіпажаў убіралі азімае жыта. У гэтай паездцы нас суправаджаў кіраўнік гаспадаркі. Па словах Адама Анісімавіча, валавы збор ужо склаў 3,5 тысячы тон. Сёлета плануюць павялічыць яго на дзве тысячы і давесці да васьмі тысяч тон. Штодзень камбайнеры намалочваюць ад 500 да 600 тон збожжа. У лідарах – Міхаіл Салдаценка з сынам Віталем. На 16 ліпеня на камбайне КЗС-1218 яны намалацілі 527 тон.

Сямейны экіпаж у складзе Віталя і Міхаіла Салдаценкаў

Высокай выпрацоўкі кожны год дабіваецца на жніве тандэм у складзе старшага камбайнера Рыгора Сніцарэнкі і камбайнера Марыі Фалей. Прыемна адзначыць, што Раман Літвіненка, які нядаўна вярнуўся на малую радзіму пасля службы ў арміі, далучыўся да ганаровай справы – уборкі каласавых. Ён – памочнік камбайнера ў Пятра Сніцарэнкі.

Марыя Фалей і Рыгор Сніцарэнка ўбіраюць збожжавыя разам не першы год

Пётр Сніцарэнка і яго памочнік Раман Літвіненка

Сярод вадзіцеляў раёна, занятых на адвозцы зерня, першынство ўтрымлівае Уладзімір Ярошка. На другім месцы таксама прадстаўнік “Чамярыскага”. Гэта Рыгор Малочка, неаднаразовы пераможца ў рэспубліканскім спаборніцтве і ўдзельнік фестываляў-кірмашоў “Дажынкі” ў Оршы, Кобрыне, Маладзечне, Жлобіне, Лідзе.

Галоўны аграном Максім Леўчанка і лепшы вадзіцель гаспадаркі Рыгор Малочка

Вадзіцель Аляксандр Краўчанка якасцю абедаў задаволены

Для ўдзельнікаў уборачнай кампаніі арганізавана двухразовае харчаванне. З якімі вынікамі завяршылі яны працоўную змену, могуць даведацца з экрана, які вывешваецца штодня на відным месцы. Усё падпарадкавана аднаму: яго вялікасці Хлебу. У кожнага з нас на стале ён кожны дзень. Так было, ёсць і будзе. А гарантыя таму – самаадданая праца людзей, якіх з павагай называюць хлебаробамі.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *