ААТ “Камарынскі”: да фінішу – з добрымі паказчыкамі

Грамадства Сельское хозяйство

Аператары ЗСК-40 Ш Руслан Куцэнка і Уладзімір Трэбка.

Высокапрадукцыйны сушыльны комплекс ЗСК-40 з’явіўся ў ААТ “Камарынскі” ў 2016-м. Абслугоўваць яго даручылі Уладзіміру Трэбку і Мікалаю Даўжанку. Мясцовыя спецыялісты адразу ацанілі тэхнічныя характарыстыкі сушыльнай гаспадаркі і вывучылі прынцып работы. Аказалася, нічога складанага тут няма. На такіх комплексах Уладзімір Уладзіміравіч ужо працаваў у сябе на малой радзіме (ён родам з Украіны).

У “Камарынскім” спачатку перапрацоўваў збажыну ў Кіраве на простай сушылцы, а калі наладчыкі вядучага прадпрыемства “Амкадор” зманціравалі ЗСК-40 Ш, перайшоў сюды. Апошнія два гады яго напарнікам з’яўляецца Руслан Куцэнка. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка і галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ала Гардзейчык павіншавалі іх з высокімі працоўнымі дасягненнямі, уручылі лісты з падзякай і падарункі. На 17 жніўня ў іх найлепшы вынік работы сярод аператараў сушыльных комплексаў.

За сумленную працу ў пятніцу, 14 жніўня, былі адзначаны чатыры экіпажы і два вадзіцелі “Камарынскага”. У іх ліку – старшы камбайнер Віталій Сафіенка. Сёлета ён убіраў каласавыя на новым КЗС-1218, якое адкрытае акцыянернае таварыства набыло ў лізінг. Для Віталія Пятровіча гэтае жніво – чатырнаццатае. Намалаціў ён 1233 тоны.

Для Віталія Сафіенкі сёлетняе жніво – чатырнаццатае.

З 1989 года шчыруе на хлебнай ніве Іван Давідзенка. Спачатку ў яго была СК-5 “Ніва”, потым – “Дон-1500”, і вось ужо дзесяць гадоў ён жне і малоціць на камбайне “Гомсельмаша”. Вынік яго плённай працы – 1366 тон. Амаль столькі ж зерня і на рахунку Аляксандра Мішчанкі. Ён праславіўся як вопытны майстар хлебнай нівы сярод маладых камбайнераў Гомельшчыны, не раз быў у ліку лідараў. У 2016-м з паказчыкам 2032,6 тоны заняў другое месца на п’едэстале гонару.

Іван Давідзенка ўбірае каласавыя з 1989 года.

Тысячны рубеж па намалоце зерня перасягнуў вопытны механізатар Сяргей Пархамец. За шматгадовую добрасумленную працу ён узнагароджаны Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Сяргей Паўлавіч дабіваецца добрых вынікаў не толькі на хлебным полі, але і на кармавым: займае прызавыя месцы сярод тых, хто рыхтуе зялёную масу.

Што датычыць вадзіцеляў, то і сёлета яны пацвердзілі сваё майстэрства. Аляксандр Музыкін перавёз 2567 тон зерня, Валянцін Бельчанка – 2416. У лік тысячнікаў трапіў і Міхаіл Яўсеенка (1070 тон).

Віншаванні прымае Міхаіл Яўсеенка.

З галоўным эканамістам “Камарынскага” Наталляй Анапрэенкай аналізуем паказчыкі ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур за апошнія гады. Найвышэйшы валавы збор ААТ атрымала ў 2016-м: 8170 тон у бункернай вазе, з кожнага гектара – па 31,9 цнт/га. Улічваючы розную ўрадлівасць зямель у сельгаспрадпрыемствах Брагіншчыны, неабходна прыняць пад увагу такі паказчык як ураджайнасць з бала-гектара. У сярэднім па раёне было атрымана па 135 кг зерня, у “Камарынскім” – па 176 кг. У раённым спаборніцтве сельгаспрадпрыемства прызналі лепшым. Дасягнутыя поспехі адзначылі і на абласным узроўні, выдзелілі новы трактар айчыннай вытворчасці, які перадалі ў рукі Віталя Сафіенкі. Дарэчы, новенькі “Беларус” камарынцы атрымалі і ў 2017-м, эксплуатуе яго Уладзімір Якімовіч.

Сёлета па падліках спецыяліста намалацілі 7817 тон зерня, у разліку на бала-гектар – па 146 кг. І ўраджай рапсу ў ААТ атрымліваюць не горшы, чым у іншых. У валавым зборы насення каштоўнай бялковай культуры, які атрымалі гаспадаркі раёна, іх уклад – найбольшы.

У папярэднія гады камарынцы пачыналі жніво раней за іншых, таму ў першыя дні ўборачнай кампаніі на раённай Дошцы гонару значыліся ў асноўным прозвішчы камбайнераў і вадзіцеляў гэтага ААТ. Потым іх змянялі прадстаўнікі суседніх гаспадарак. Сёлета важная кампанія складвалася па-іншаму. Дажынкі ААТ “Камарынскі” адзначыла ў ліку апошніх, што не перашкодзіла вопытным майстрам сваёй справы паказаць добрыя вынікі, высокую арганізаванасць, парадавацца ўраджаю, а яшчэ – папоўніць лік тысячнікаў.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *