З любоўю да роднага краю: конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю” праходзіць у гэтыя дні ў Беларусі

Год малой родины Грамадства

У 2020 годзе завяршаецца трэці год, які па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі быў абвешчаны ў нашай краіне Годам малой радзімы. За гэты час у рэспубліцы былі праведзены тысячы мерапрыемстваў па развіцці і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у розных рэгіёнах краіны, па павышэнні ўзроўню культуры і духоўнасці беларускага народа, захаванні мясцовых традыцый, адметных рыс побыту народа, яго этнаграфічнай культуры і мовы.

У сувязі з гэтым Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць агульнарэспубліканскую творчую акцыю “За што я люблю родную зямлю”. Яна заключаецца ў стварэнні жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі творчых работ, у якіх будуць адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі, увасоблены пачуцці гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга.

Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні, нарысы і іншыя творчыя работы, напісаныя грамадзянамі Рэспублікі Беларусь на беларускай мове аднаасобна або ў суаўтарстве, якія раней не прадстаўляліся на конкурсы і не друкаваліся. Прапануемыя тэмы: “За што я люблю свой край”, “Мова маёй малой радзімы”, “Родная зямля – крыніца натхнення”, “Квітней, мая радзіма!”

У работах, дасланых на конкурс, арганізатары просяць абавязкова ўказваць адукацыю, узрост, месца работы аўтара. Пераможцы будуць адзначаны граматамі і падзякамі НАН Беларусі, а лепшыя творы – апублікаваны асобным зборнікам.

Творчыя работы патрэбна даслаць да 20 жніўня на адрас: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 1/2, г. Мінск, 220072, або па электроннай пошце: inlinasbel@tut.by з паметай “конкурс”.

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *