12 верасня — Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства

Грамадства Территория закона

Калектыў Брагінскага раённага аддзела Следчага камітэта

12 верасня сваё прафесійнае свята адзначаюцьць супрацоўнікі органаў папярэдняга следства. Менавіта ў гэты дзень у 2011-ым быў заснаваны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Тады ён аб’яднаў у адну структуру следчых пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і фінансавых расследаванняў. Гэта справа, дзе недапушчальныя памылкі. Дзе кожная сітуацыя патрабуе глыбокага аналізу, а сам супрацоўнік ведамства павінен валодаць высокім прафесіяналізмам і ўпэўненасцю ў правільнасці сваіх дзеянняў.

Наша сустрэча з калектывам раённага аддзела Следчага камітэта пачалася з прыемнага моманту: напярэдадні прафесійнага свята маці аднаго з супрацоўнікаў уручаны ліст з падзякай ад кіраўніцтва ўпраўлення СК па Гомельскай вобласці. “Паважаная Наталля Іванаўна! Мы дзякуем за тое, что Вы прывілі сыну сумленнасць, працавітасць і высокае пачуццё адказнасці за даручаную справу”, – гаворыцца ў дакуменце, які атрымала Наталля Карпенка. Яе сын Павел ужо на працягу некалькіх гадоў дэманструе лепшыя вынікі ў следчай рабоце. Як расказаў начальнік раённага аддзела СК Дзмітрый КАТЛАБАЙ, Павел Карпенка ўліўся ў калектыў пасля заканчэння Акадэміі МУС у 2013-м, і за гэты час стаў сапраўдным прафесіяналам.

Лепшы следчы Павел Карпенка з маці і кіраўніком раённага аддзела Дзмітрыем Катлабаем падчас цырымоніі ўзнагароджвання.

Сёння пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Канстанцінавіча працуюць пяць следчых. Акрамя іх ёсць справавод, загадчык гаспадарчай часткі і тэхнічны работнік.

Найбольшы вопыт за плячамі мае старшы следчы Сяргей Канцавы. Некалі ён сам узначальваў аддзел, але ў 2017-м пайшоў на заслужаны адпачынак па выслузе гадоў. Некаторы час працаваў вядучым спецыялістам крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, а сёлета, у маі, вярнуўся ў прафесію, з якой пачынаў у далёкім 1996-м. Агульны стаж следчым у Сяргея Мікалаевіча – больш за 20 гадоў. За гэты час органы папярэдняга следства, вядома, зведалі шмат пераўтварэнняў і рэформаў, але асноўная задача засталася ранейшая: дакапацца да ісціны і накіраваць крымінальную справу ў суд.

У следчых органах Сяргей Канцавы – больш за 20 гадоў.

Дзмітрый Канстанцінавіч працягвае знаёміць з адметнасцямі прафесіі: у складзе аператыўна-следчай групы РАУС супрацоўнікі аддзела выязджаюць на месца здарэння, збіраюць доказы, магчымыя сляды злачынцы, назначаюць разнастайныя экспертызы… Увогуле, кіруюць усім працэсам расследавання. І на аснове сабранага матэрыялу прымаюць рашэнне: узбуджаць крымінальную справу ці не. У ліку першапачатковых следчых мерапрыемстваў – допыт пацярпелых, сведак і саміх падазроных.

Усяго ў гэтым годзе ў вядзенні супрацоўнікаў раённага аддзела СК знаходзілася 160 крымінальных спраў, 72 з іх – завершаны, 47 (65%) – перададзены ў суд. Разбірацца даводзіцца ў самых разнастайных сітуацыях: ад дарожна-транспартных здарэнняў да нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Дарэчы, яшчэ вядуцца следчыя дзеянні па ДТЗ са смяротным зыходам, калі вадзіцель аўтамабіля збіла веласіпедыста і пакінула месца аварыі. Праводзіцца праверка па факце смерці на вытворчасці работніка філіяла “Брагінскі” ААТ “Палессебуд” і інш.

Кожнаму следчаму адначасова даводзіцца займацца некалькімі крымінальнымі справамі. Не заблытацца ў вялікай плыні інфармацыі дапамагае граматнае планаванне працоўнага дня і правільна растаўленыя прыярытэты. Сакрэты майстэрства таксама крыюцца ва ўважлівасці і ўседлівасці. Важнымі якасцямі следчага Дзмітрый Канстанцінавіч называе сумленнасць, справядлівасць і, вядома ж, камунікабельнасць. Патрэбна ўмець лёгка сыходзіцца з незнаёмымі людзьмі, знаходзіць падыходы да прадстаўнікоў розных узростаў, прафесій, сацыяльных груп…

Дзякуючы прафесіяналізму і самааддачы супрацоўнікаў РАСК, задачы па аператыўным і якасным расследаванні злачынстваў вырашаюцца паспяхова. Кожны са следчых разумее: ад яго залежыць лёс канкрэтнага чалавека. Яму неабходна выявіць праўду, каб злачынец атрымаў па заслугах, а правы і свабоды законапаслухмяных жыхароў раёна былі надзейна абаронены.

 

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *