Брагінскі цэнтр творчасці: занятак па душы тут знойдзе кожны

Важное Грамадства

З 7 па 12 верасня ў Брагінскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў тыдзень дадатковай адукацыі. У гэтыя дні педагогі пазнаёмілі школьнікаў і іх бацькоў з аб’яднаннямі па інтарэсах, якія працуюць ва ўстанове, расказалі, як змястоўна, цікава і карысна можна бавіць вольны час.

Адцягнуць увагу сучасных дзяцей ад смартфонаў і інтэрнэту не так проста. Але калі ў хлопчыкаў і дзяўчынак з’явіцца хобі, можна быць упэўненым: на гаджэты ў іх застанецца значна менш часу. Гэта гаворыць аб важнасці дадатковай адукацыі. Да таго ж на занятках дзеці развіваюць камунікатыўныя навыкі. Наведванне гурткоў – выдатны спосаб прафарыентацыі: дзіцячае захапленне можа стаць справай усяго жыцця.

Як расказала медатыст цэнтра творчасці Наталля ФУРС, адкрыццё тыдня дадатковай адукацыі пачалося з канцэртнай праграмы “Вясёлка творчасці”. Перад прысутнымі выступілі педагогі і навучэнцы ўстановы, якія прадэманстравалі вакальнае, харавое і харэаграфічнае майстэрства. Дзеці і іх бацькі паўдзельнічалі ў акцыі “Запішыся ў аб’яднанне”. Падчас майстар-класаў па мастацкім, спартыўным і грамадска-гуманітарным накірунках яны даведаліся, што чакае наведвальнікаў цэнтра ў новым навучальным годзе. Прысутныя таксама атрымалі тэматычныя буклеты “Запрашаем у гурткі”.

У Брагінскім цэнтры творчасці і яго філіяле ў Какмарыне на працягу ўсяго тыдня працавалі выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Наша творчасць”, на якіх дэманстраваліся лепшыя работы навучэнцаў. Былі арганізаваны экскурсіі па ўстановах, праводзілася шмат мерапрыемстваў розных накірункаў і тэматык.

Напрыклад, 11 верасня прайшоў міні-канцэрт “У асяроддзі сяброў”, у праграму якога ўключылі і акцыю “У цэнтры ўвагі – дзеці”. А ўрачыстае закрыццё тыдня дадатковай адукацыі адбылося ў рамках шостага школьнага дня. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў спартыўна-забаўляльнай праграме, а таксама дэманстравалі свае творчыя здольнасці і любоў да роднага краю ў конкурсе малюнкаў “Мая любімая Беларусь!”

– Дарэчы, 12 верасня быў арганізаваны і дзень адкрытых дзвярэй. Наведаць цэнтр творчасці змаглі не толькі дзеці і іх бацькі, але і ўвогуле ўсе жадаючыя, – гаворыць Наталля Мікалаеўна. – Занятак па душы ў нас знойдзе кожны, таму запрашаем! Мы працуем па адрасе: Брагін, вул. Краснаармейская, 1а, тэлефон: 3-01-83.

Будзь у курсе!

На працягу навучальнага года ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі будуць працаваць аб’яднанні па інтарэсах:

• “Да-мі-солька”, “Званочкі”, “Вясёлыя ноткі”, “Сузор’е” (вакальны і харавыя спевы);

• “Крышталь” (харэаграфія);

• “Бісерок” і “Атласная стужка” (вырабы ўпрыгожванняў і сувеніраў);

• “Аматары прыроды” (вырабы з прыродных матэрыялаў);

• “Умелыя ручкі”, “Маляванка”, “Юны мастак” (маляванне);

• “Юны электрык” (тэхнічны накірунак);

• “Юныя знатакі”, “Лідар” (грамадска-гуманітарны накірунак);

• “Усёзнайкі” (англійская мова для маленькіх);

• “Вырастай-ка” (школа ранняга развіцця);

• “Валейбол”, “Юны тэнісіст” (спартыўныя) і інш.

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *